Украінскі Генеральны штаб у суботу паведаміў пра знішчэнне расійскага дэсантнага карабля ля ўзбярэжжа акупаванага Крыма, радыёлакацыйнай станцыі, вузла сувязі і варожага склада боепрыпасаў на акупаваных Крамлём тэрыторыях.
«Пацверджана, што 12 лютага 2026 года каля горада Наваазёрнае на часова акупаваных тэрыторыях украінскага Крыма быў паспяхова знішчаны варожы транспартна-дэсантны карабель БК-16», – гаворыцца ў заяве, апублікаванай праз Telegram.
У той жа дзень каля горада Гвардыя, таксама ў Крыме, была падбітая радыёлакацыйная станцыя РСП-10. Украінцы таксама атакавалі вузел сувязі ў Прыморскім раёне на акупаванай Расіяй частцы Запарожскай вобласці, а 13 лютага – склад боепрыпасаў у Данецкай вобласці.
«Сілы абароны Украіны будуць працягваць сістэматычна праводзіць аперацыі, накіраваныя на аслабленне баявога патэнцыялу расійскага агрэсара. Працяг будзе», – папярэдзіла камандаванне ўкраінскай арміі.
БК-16 – гэта хуткі расійскі дэсантна-транспартны карабель, прызначаны для перавозкі войскаў і правядзення спецыяльных аперацый у прыбярэжных водах.
РСП-10 – гэта аэрадромны радар, які выкарыстоўваецца для навядзення самалётаў; яго знішчэнне абмяжуе магчымасці Расіі праводзіць паветраныя аперацыі пры падтрымцы авіябазы ў Гвардыі.
ав