Краіны ЕС не гатовыя прызначыць дату ўступлення Украіны ў Еўрапейскі Саюз, заяўляе кіраўніца знешняй палітыкі ЕС Кая Калас. На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы яна падкрэсліла, што членства ў ЕС мае вырашальнае значэнне для Кіева, але меркаванні цяперашніх краін ЕС таксама павінны быць узятыя пад увагу.
— Пашырэнне — гэта заўсёды палітычнае рашэнне. Вядома, яно вельмі важнае для Украіны, бо менавіта за гэта яны змагаюцца. Нам трэба над гэтым працаваць, але ў мяне склалася ўражанне, што дзяржавы-члены не гатовыя прызначыць канкрэтную дату. Яшчэ шмат працы трэба зрабіць, але прыярытэт — дзейнічаць і дэманстраваць, што Украіна з’яўляецца часткай Еўропы.
Кая Калас нагадала, што іншыя краіны таксама чакаюць членства ў Еўрапейскім Саюзе, некаторыя дзяржавы вядуць перамовы ўжо шмат гадоў і павольна адаптуюцца да эканамічных і палітычных патрабаванняў ЕС.
IAR/нг