Эстонія плануе набыць да 600 бункераў, якія будуць размешчаныя ўздоўж мяжы з Расіяй. Гэта адзін з ключавых элементаў Балтыйскай лініі абароны — сумеснага праекта краін Балтыі.
Эстонскія ўлады абвясцілі тэндар разам з Міністэрствам абароны Латвіі. Кампаненты першых 28 бункераў ужо дастаўлены ў Эстонію, з іх дзевяць устаноўлены на паўднёвым усходзе краіны. Намеснік дырэктара Дзяржаўнага цэнтра абаронных інвестыцый Аска Ківінук, якога цытуе партал ERR, адзначыў, што набыты досвед дазваляе перайсці да закупаў у большым маштабе.
Агульны кошт рэалізацыі Балтыйскай лініі абароны ў Эстоніі ацэньваецца ў 60 млн еўра, палова гэтай сумы прадугледжана ў бюджэце на бягучы год. Завяршыць будаўніцтва плануецца да канца наступнага года.
Балтыйская лінія абароны — гэта ініцыятыва Літвы, Латвіі і Эстоніі, накіраваная на стрымліванне магчымай агрэсіі Расіі з першых метраў дзяржаўнай мяжы.
iar/эж