«За 31 гадзіну праслуханых запісаў я не сустрэла нікога, хто б не ведаў, што тое, што яны робяць, зʼяўляецца злачынствам. Я заклікаю ўсіх, хто глядзіць наш фільм, задумацца над гэтым пытаннем: дзе адказнасць расіян?» – тлумачыць рэжысёрка.
Аксана Карповіч была ва Украіне, калі расійскія войскі ўварваліся ў яе краіну. Яна вырашыла застацца там як мага даўжэй, каб падтрымаць сваіх блізкіх. Калі зʼявілася магчымасць папрацаваць з замежнымі рэпарцёрамі, якія асвятляюць вайну, яна ні на секунду не вагалася. Разам з журналістамі яна наведала розныя рэгіёны Украіны і збірала матэрыялы, якія дакументуюць расійскія зверствы.
Уначы яна слухала перахопленыя тэлефонныя званкі расійскіх салдат. Яна была шакаваная. Аксана вырашыла, што менавіта гэта стане галоўнай тэмай яе фільма.
Падслуханае, што салдаты Пуціна распавядаюць сваім семʼям у Расіі, набліжае да пошуку адказу на пытанне банальнасці зла. Расіяне тэлефануюць дадому, каб расказаць пра забойствы і здзекі, якія яны здзейснілі супраць украінскіх мірных жыхароў. Некаторыя гавораць пра гэта з гордасцю, іншыя – з адчаем. На іншым канцы лініі чуваць шырокі спектр рэакцый – ад заклапочанасці і цікавасці да водгаласаў нянавіснай прапаганды рэжыму.
«Вы не разумееце, я тут зварʼяцеў, – кажа салдат маці. – Я ж кажу табе, мы тут забіваем людзей, мама». «Ты ўпэўнены, што гэта людзі? Яны не людзі», – адказвае яго маці.
Больш смелыя крычаць у слухаўку: «Вы сапраўды лічыце, што людзі важныя для Пуціна?! Найважнейшае – гэта зямля. І ўлада!»
На пытанне, ці не баіцца рэжысёрка апраўдваць і гуманізаваць дзеянні расійскіх салдат, рэжысёрка Аксана Карповіч адказала: «Не сакрэт, што грамадзяне Расіі – гэта людзі і, як такія, нясуць адказнасць за свае ўчынкі. Фільм імкнецца выкрыць гэта. Я не згодная з тым, каб называць расійскую агрэсію супраць Украіны «вайной Пуціна», хоць я лічу, што Пуцін першы ў спісе тых, хто адказны за гэты тэрор. За 31 гадзіну запісаў, якія я праслухала, я не сустрэла нікога, хто б не ведаў, што тое, што яны робяць, было злачынствам. Я заклікаю ўсіх, хто глядзіць наш фільм, задумацца над гэтым пытаннем: дзе адказнасць расіян? Як мы можам прыцягнуць іх да адказнасці за іх дзеянні?»
Onet/ав