Беларуская Служба

Ці магчыма, каб «велікоднае перамір’е» паміж Расіяй і Украінай перарасло ў доўгатэрміновае?

12.04.2026 12:31
На гэтае пытанне адказаў Кірыл Буданаў.
.    .
Ілюстрацыя. Вялікая субота ў Львове.Фота: PAP/Vitaliy Hrabar

На жаль, аднадзённае велікоднае перамір’е не перарасце ў доўгатэрміновае, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Кірыл Буданаў, пра што паведамляе УНІАН. Па ягоных словах, некалькі гадоў таму такое ўжо было.

— Гэтак жа на Вялікдзень было аднадзённае перамір’е. Яно шмат разоў парушалася, але ўсё роўна ў большасці сваёй выконвалася. Я выказаў меркаванне, што нічога не зменіцца і будзе дакладна гэтак жа і сёння,  — адзначыў Буданаў, адказваючы на пытанне журналісткі «Навіны. Live».

Акрамя таго, ён таксама заявіў, што на тыдні плануецца яшчэ адзін абмен палоннымі. Расійскі бок не паспеў падрыхтаваць усё, каб больш ваеннапалонных вярнуліся да сваіх сем’яў на Вялікдзень.

— Не зусім паспелі — той бок не зусім паспеў падрыхтаваць гэта ўсё, але чакаць не было магчымасці, ды і няправільна гэта было. Няхай лепш 182 чалавекі сустракаюць свята дома. Я спадзяюся, што недзе да канца тыдня можна будзе зноў правесці адзін этап. На шляху стаялі выключна бюракратычныя працэдуры,  — падкрэсліў Буданаў.

УНІАН паведамляў, што акупанты атакавалі машыну медыкаў падчас «велікоднага перамір’я» у Сумскай вобласці. Пацярпелі трое медыкаў. Ім аператыўна аказалі дапамогу. Пагрозы жыццю няма.

Акрамя таго, Расія падчас «перамір’я» забіла ўкраінскую эвакуацыйную групу на Запарожжы. Праціўнік нанёс удар каля 17:30, тады як «перамір’е» павінна было пачацца ў 16:00.

нг