Беларуская Служба

Расіяне выкарысталі 44 ракеты і каля 660 беспілотнікаў падчас апошняй атакі на Украіну

18.04.2026 10:06
Колькасць загінулых у выніку ўдараў па Кіеве, Адэсе і Дняпры ўзрасла да 13 чалавек, сама меней 99 атрымалі раненні.
Знішчаны ў выніку расійскага ўдару жылы дом у КіевеPAP/Vladyslav Musiienko

Расія выкарыстала 44 ракеты і 659 беспілотнікаў падчас начной атакі на Украіну, інфармуе Польскае агенцтва друку. Колькасць загінулых у выніку ўдараў па Кіеве, Адэсе і Дняпры ўзрасла да 13 чалавек, сама меней 99 атрымалі раненні, паведамілі мясцовыя ўлады.

За ноч расійская армія запусціла 19 балістычных ракет «Іскандэр-М/С-400», 20 крылатых ракет Х-101, пяць крылатых ракет «Іскандэр-К» і 659 беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА) тыпаў «Шахед», «Гербера», «Італмас».

Паводле папярэдніх звестак, СПА збілі 19 ракет Х-101, восем ракет «Іскандэр-М/С-400», чатыры ракеты «Іскандэр-К» і 636 беспілотнікаў. Агулам 12 ракет і 20 беспілотнікаў трапілі ў цэлі ў 26 месцах, а збітыя аб'екты ўпалі ў 25 месцах.

Паводле апошніх звестак, у выніку камбінаванага ўдару Расіі па Кіеве загінулі чатыры чалавекі і сама меней 54 атрымалі раненні, у тым ліку трое паліцэйскіх, чацвёра медыцынскіх работнікаў і двое замежнікаў, паведаміла мясцовая пракуратура. Мэр Кіева Віталь Клічко паінфармаваў, што сярод загінулых у сталіцы — 12-гадовы хлопчык

Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа заявіў, што Расея атакавала два раёны з выкарыстаннем беспілотнікаў, артылерыі і ракет. Тры чалавекі загінулі (раней паведамлялася аб двух), 34 атрымалі раненні.

У Адэсе ў выніку начных ракетных і беспілотных удараў загінулі восем чалавек і 16 атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.

вс