Расіяне рыхтуюць супрацьпаветраную абарону Масквы напярэдадні парада з нагоды Дня Перамогі, які адбудзецца ў расійскай сталіцы 9 траўня. Яны таксама хочуць, каб Кіеў устрымаўся ад нападаў на расійскую тэрыторыю ў гэты час. У сваю чаргу ўкраінскія ўлады заклікаюць да доўгатэрміновага спынення агню.
Паводле ўкраінскіх звестак, Расія перадыслакуе свае зенітныя сістэмы для абароны Масквы ад украінскіх беспілотнікаў і ракет. Паводле слоў Уладзіміра Зяленскага, гэта сведчыць аб тым, што расійскае кіраўніцтва не рыхтуецца да спынення агню і больш клапоціцца пра парад у Маскве, чым пра абарону краіны ў цэлым.
Міністэрства замежных спраў Расіі разаслала дыпламатам іншых краін ноты з просьбай эвакуяваць сваіх супрацоўнікаў з Кіева. Расіяне абвясцілі, што калі Украіна атакуе Маскву падчас святкавання Дня Перамогі, яны адкажуць масіраваным ударам па цэнтры Кіева. Маецца на ўвазе тая частка ўкраінскай сталіцы, дзе размешчаны ўрадавыя будынкі і дыпламатычныя місіі.
Між тым, паводле інфармацыйнага агенцтва «Укрінфарм», уначы расійскія беспілотнікі атакавалі Дняпро. Як мінімум, шэсць чалавек атрымалі раненні, а некалькі будынкаў былі пашкоджаныя. У сваю чаргу ўкраінскія беспілотнікі атакавалі гарады Бранск, Саратаў, Самару, Казань і Маскву. Мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін абвясціў, што частка беспілотнікаў была збітая, а на месцах падзення абломкаў працуюць ратавальныя і паліцэйскія групы.
аз