Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Атака БПЛА ў Чорным моры: у берагоў Балгарыі падбіты два судны, адно з іх затанула

13.10.2026 13:02
Аналагічныя нападзенні адбыліся 6 кастрычніка ў выключнай эканамічнай зоне Балгарыі ў Чорным моры. 
.    .
Мора. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Foto: Photo: Pexels /pixabay.com/CC0 Public Domain

У аўторак у Чорным моры ля балгарскага ўзбярэжжа былі атакаваныя два судны беспілотнікамі; адно з іх затанула, паведаміў прэм'ер-міністр Румэн Радзеў, як перадае інфармацыйнае агенцтва BTA. З патанулага судна быў выратаваны адзін чалавек. Балгарскія ўлады пакуль не ўстанавілі, хто нясе адказнасць за атакі, паведамляе Польскае агенцтва друку.

Першае судна, «Чэлсі 3» пад сцягам Мальты, было атакаванае трыма беспілотнікамі прыкладна за 33 км на ўсход ад Бялы. Судна, якое належыць украінскаму суднаўладальніку і зарэгістраванае ў Адэсе, ішло з Турцыі ў Малдову. Усе 15 членаў экіпажа – сем грамадзян Украіны і восем азербайджанцаў – былі эвакуяваныя ў порт Варны. Пяцёра маракоў атрымалі медыцынскую дапамогу ў сувязі з, як мяркуецца, нязначнымі траўмамі, паведамляе BTA.

Другое судна было атакаванае і затанула прыкладна за 31 км на ўсход ад горада Крапец, размешчанага на паўночным усходзе Балгарыі. Прэмʼер-міністр адзначыў, што адзін член экіпажа патанулага судна быў выратаваны.

Радзеў склікаў экстранае пасяджэнне Савета бяспекі ўрада. Ён назваў атакі на гандлёвыя судны ў непасрэднай блізкасці ад балгарскіх тэрытарыяльных вод «абсалютна непрымальнымі». Палітык абвясціў, што балгарскія прадстаўнікі ў НАТА і Еўрапейскім Саюзе былі апавешчаныя аб інцыдэнтах і што ён мае намер абмеркаваць гэтае пытанне з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ.

Прэмʼер таксма паведаміў, што выкліча пасла Расіі Элеанору Мітрафанаву на сустрэчу наконт атак. Балгарыя таксама мае намер звярнуцца па міжнародную дапамогу ў вызначэнні паходжання беспілотнікаў і ўзмацненні назірання за паветранай прасторай і марскімі раёнамі краіны.

Аналагічныя нападзенні адбыліся 6 кастрычніка ў выключнай эканамічнай зоне Балгарыі ў Чорным моры. Адно гандлёвае судна затанула, а другое атрымала пашкоджанні. У апошнія дні ля берагоў Румыніі таксама затанула турэцкае судна, якое перавозіла ўкраінскае збожжа. Паводле слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, судна было атакаванае расійскімі беспілотнікамі, у выніку чаго загінулі два чалавекі. Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен асудзіла атакі на грамадзянскае суднаходства, папярэдзіўшы аб пагаршэнні сітуацыі з бяспекай у Чорным моры.

вс