Украінская кампанія SkyFall распрацавала беспілотнік StarGate для эвакуацыі параненых вайскоўцаў з цяжкадаступных пазіцый на фронце. На гэтым тыдні апарат перадалі адной з баявых брыгад для выпрабавання ва ўмовах, набліжаных да баявых.
Як паведамляе Associated Press, беспілотнік можа перавозіць груз вагой да 150 кілаграмаў, у тым ліку параненага байца разам з бронекамізэлькай і рыштункам. Ягоны радыус дзеяння ў адзін бок складае 15 кіламетраў, крэйсерская хуткасць — 65 кіламетраў за гадзіну, а максімальная — 105. Падрыхтоўка апарата да палёту займае каля дзесяці хвілін.
Ідэя стварэння StarGate узнікла пасля запыту ўкраінскіх вайскоўцаў. На некаторых участках фронту тэрыторыя ў радыусе дзесяці-пятнаццаці кіламетраў і больш знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай расійскіх беспілотнікаў і артылерыі. Эвакуацыя параненых небяспечная, а наземным робатам часам патрабуецца дзве-тры гадзіны, каб дабрацца да пазіцый. У асобных выпадках вывезці параненага ў той жа дзень не ўдаецца.
Паводле прадстаўніка SkyFall, новы апарат павінен дапамагчы дастаўляць параненых у бяспечнае месца без неабходнасці адпраўляць туды эвакуацыйную групу. Гэта асабліва важна, калі кожная гадзіна чакання можа пагражаць жыццю чалавека.
Падчас выпрабаванняў распрацоўшчыкі таксама правяраюць абарону StarGate ад паветраных атак. У прыватнасці, выкарыстоўваюцца сродкі радыёэлектроннай барацьбы і спецыяльная сетка, якая можа захапіць варожы беспілотнік.
Калі StarGate пацвердзіць сваю надзейнасць у баявых умовах, ён можа істотна змяніць эвакуацыю параненых на ўкраінскім фронце і дапамагчы дабірацца да вайскоўцаў, куды не могуць праехаць наземныя транспартныя сродкі.
нг