Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Чэхія і Славакія падтрымалі магчымы ўдзел чэшскага прэзідэнта ў перамовах з Расіяй

24.10.2026 11:16
26 кастрычніка ў Маскве міністр замежных спраў Славакіі плануе абмеркаваць вайну ва Украіне з міністрам замежных спраў Расіі.
Сцяг Чэхііyacubee/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністры замежных спраў Чэхіі і Славакіі заявілі пра гатоўнасць падтрымаць кандыдатуру прэзідэнта Чэхіі Петра Паўла на ролю еўрапейскага прадстаўніка ў мірных перамовах з Расіяй. Пра тое, што чэх разглядаецца як адзін з магчымых перамоўшчыкаў, раней паведаміла брытанская газета The Telegraph.

Міністр заженых спраў Чэхіі Петр Мацінка, нягледзячы на палітычныя рознагалоссі з прэзідэнтам, выказаў поўную падтрымку яго кандыдатуры:

— Для Чэшскай Рэспублікі гэта, несумненна, была б прэстыжная роля. Аднак нават калі перамоўшчыкам стане нехта іншы, сама ініцыятыва заслугоўвае максімальнай падтрымкі. Дагэтуль Еўропа не змагла вылучыць чалавека, які карыстаўся б павагай на Захадзе і быў бы прымальны для Усходу.

Міністр замежных спраў Славакіі Юрай Бланар таксама падтрымаў магчымую кандыдатуру Паўла і ў цэлым ідэю пошуку перамоўшчыка, прымальнага для расійскага боку. Пры гэтым дыпламат падкрэсліў, што пакуль гаворка ідзе толькі пра паведамленні СМІ.

Сярод іншых магчымых кандыдатаў называюць кіраўнікоў урадаў Італіі, Даніі і Нарвегіі, а таксама прэзідэнта Фінляндыі.

26 кастрычніка Бланар плануе абмеркаваць вайну ва Украіне з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым у Маскве. Сустрэча адбудзецца ў межах пасяджэння Расійска-славацкай міжурадавай камісіі па эканамічным, навуковым і тэхнічным супрацоўніцтве, якое пройдзе ўпершыню за пяць гадоў.

iar/эж