Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ва Украіне — новыя затрыманні ў маштабнай карупцыйнай справе «Карфаген»

05.11.2026 17:12
Службовыя асобы былі звязаныя з арганізаванай злачыннай групай, якая зарабляла на махлярстве праз нелегальныя кол-цэнтры.
Афицэры НАБУ YT Украінскай праўды

Ва Украіне працягваюцца ператрусы і затрыманні высокапастаўленых супрацоўнікаў паліцыі і Службы бяспекі Украіны ў межах маштабнага карупцыйнага расследавання пад кодавай назвай «Карфаген».

Паводле следства, службовыя асобы былі звязаныя з арганізаванай злачыннай групай, якая зарабляла на махлярстве праз нелегальныя кол-цэнтры. Акрамя таго, некаторыя ўдзельнікі групоўкі падазраюцца ў падрыхтоўцы нападаў на ўкраінскіх журналістаў-расследавальнікаў.

Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура затрымалі, у прыватнасці, намесніка кіраўніка паліцэйскага дэпартамента спецыяльных расследаванняў. Паводле следчых, ён забяспечваў злачынцам прыкрыццё з боку паліцыі.

Ад умяшання Службы бяспекі Украіны групоўку, як мяркуецца, абараняў высокапастаўлены супрацоўнік СБУ ў званні генерала. Ён таксама быў арыштаваны.

Паводле ўкраінскіх СМІ, сярод удзельнікаў групоўкі быў і расіянін Ягор Буркін, якога звязваюць з міжнародным наркабізнесам. З апублікаваных фрагментаў праслуханых размоў вынікае, што ён нібыта планаваў напад з выкарыстаннем сернай кіслаты на вядомага ўкраінскага журналіста-расследавальніка, які пісаў пра дзейнасць групоўкі.

Першыя затрыманні ў справе «Карфаген» адбыліся яшчэ ў пачатку верасня. Тады антыкарупцыйныя органы затрымалі высокапастаўленага супрацоўніка пракуратуры.

Паводле прадстаўленай інфармацыі, пасля гэтага тагачасны генеральны пракурор Руслан Краўчанка падаў у адстаўку і выехаў з Украіны ў Аўстрыю.

Расследаванне працягваецца.

IAR/яс