З-за масіраванай расійскай атакі на важныя энергааб'екты Днепрапятроўскай вобласці 8 лістапада больш за 600 тысяч спажыўцоў у 5 раёнах засталіся без святла — піша УНІАН.
Як паведаміў начальнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа, гаворка ідзе аб населеных пунктах Дняпроўскага, Каменскага, Самараўскага, Паўлаградскага і Сінельнікаўскага раёнаў.
Паводле яго слоў, бальніцы і аб'екты крытычнай інфраструктуры пераходзяць на работу ад генератараў. Таксама чыноўнік заклікаў эканомна спажываць электраэнергію, калі яна даступная. Без святла таксама засталіся жыхары абласнога цэнтра.
— Энергетыкі вобласці ўжо працуюць над аднаўленнем электразабеспячэння. Работы абцяжарваюцца паўторнымі атакамі. Першачарговая задача — забяспечыць электразабеспячэнне крытычна важнай інфраструктуры, — адзначылі ў ведамстве.
Апошняй атакай разбурана электрападстанцыя ў Оўручы Жытомірскай вобласці. У гарадской радзе жыхароў заклікалі быць гатовымі да працяглай адсутнасці святла і выконваць патрабаванні святламаскіроўкі. Мэр папрасіў адключыць вонкавае асвятленне будынкаў, рэкламныя канструкцыі, светлавыя шыльды, падсветку фасадаў, вітрын, а таксама прыватных дамоў.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі напярэдадні заяўляў, што Украіна выпрацоўвае дастаткова электраэнергіі, але адчувае дэфіцыт. Прычына ў тым, зазначыў ён, што Расія наносіць удары па размеркавальных станцыях.
РФ паставіла сабе мэту — цалкам знішчыць эканоміку Украіны. Па словах народнага дэпутата Сяргея Казыра, мэта Расіі — дамагчыся таго, каб у Кіеве наогул не было святла. Ён расказаў, што вораг мэтанакіравана наносіць удары па пяці падстанцыях напружаннем 330 кВ, якія ўтвараюць энергетычнае кальцо сталіцы і забяспечваюць падачу электраэнергіі ў горад.
Распачата крымінальная справа.
нг