Беларуская Служба

Дональд Трамп адмовіўся ўводзіць новыя санкцыі супраць Расіі

20.05.2025 15:18
Дональд Трамп таксама падкрэсліў, што мае сваю «чырвоную лінію», пасля якой прыме рашэнне спыніць перамовы, але не раскрыў, у чым яна заключаецца. Паводле палітыка, у такім выпадку ЗША перададуць ролю пасярэдніка Еўропе. 
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп PAP/EPA/SAMUEL CORUM / POOL

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у панядзелак, 19 траўня, паведаміў, што не будзе ўводзіць новых санкцый супраць Расіі. Паводле яго слоў, усё яшчэ застаецца шанец на прагрэс у справе спынення вайны ва Украіне.

«Калі вы гэта зробіце, можаце толькі пагоршыць сітуацыю. Але, магчыма, настане момант, калі гэта стане неабходным», — адзначыў амерыканскі лідар, выказаўшы упэўненасць, што пасля размовы з Пуціным могуць адбыцца «значныя змены»

Прэзідэнт ЗША таксама папярэдзіў, што можа адмовіцца ад пасярэдніцтва ў справе ўрэгулявання канфлікту ва Украіне, калі не будзе заўважнага прагрэсу.

Дональд Трамп таксама падкрэсліў, што мае сваю «чырвоную лінію», пасля якой прыме рашэнне спыніць перамовы, але не раскрыў, у чым яна заключаецца. Паводле палітыка, у такім выпадку ЗША перададуць ролю пасярэдніка Еўропе. 

Нагадаем, 19 траўня  Трамп правёў трэцюю тэлефонную размову з Пуціным. Па яе выніках ён паведаміў, што Расія і Украіна «неадкладна» пачнуць перамовы, дадаўшы, што ўмовы павінны быць узгоднены самімі бакамі, бо «яны ведаюць дэталі», якіх ніхто іншы не ведае.

У сваю чаргу, Уладзімір Пуцін заявіў пра гатоўнасць працаваць з Украінай над мемарандумам аб будучым мірным пагадненні, дзе будуць пазначаныя прынцыпы ўрэгулявання, тэрміны заключэння дамовы і ўмовы спынення агню. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама дапусціў магчымасць падпісання такога мемарандума.

DW/эж