Беларуская Служба

Расіяне «Іскандэрам» нанеслі ўдар па ўкраінскім палігоне. Загінулі вайскоўцы 

21.05.2025 09:14
Міністэрства абароны Расіі апублікавала відэа ўдару па лагеры падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў у Сумскай вобласці.
 -
Расійскі аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр»commons.wikimedia.org/Vitaly V. Kuzmin/CC BY-SA 4.0

Расійская армія 20 мая нанесла ракетны ўдар па палігоне ў Сумскай вобласці падчас вучэнняў украінскіх салдат. Загінулі шэсць байцоў, больш за дзясятак атрымалі раненні, паведаміла прэс-служба Нацыянальнай гвардыі Украіны ў сераду, 21 мая.

«Камандаванне Нацыянальнай гвардыі Украіны і праваахоўныя органы дадуць жорсткую прававую ацэнку дзеянням усіх службовых асоб па выніках праверкі і расследавання трагічнага выпадку, які адбыўся ўчора ў выніку ракетнага ўдару ў Сумскай вобласці. У выніку ўдару падчас правядзення заняткаў на стрэльбішчы ваеннай часці загінула шэсць вайскоўцаў», - паведаміла прэс-служба.

Камандзіра вайсковай часці ўжо адхілілі ад выканання абавязкаў, распачатае службовае расследаванне. Усю інфармацыю таксама перадалі праваахоўным органам.

У Нацгвардыі падкрэслілі, што распрацаваныя дакладныя алгарытмы дзеянняў і дадзены ўсе неабходныя распараджэнні па дзеяннях падчас пагрозы паветраных удараў, таму ваенным службовым асобам, якія не збераглі асабовы склад ад расійскага ўдару, абяцаюць даць прававую ацэнку.

Вечарам 20 мая Міністэрства абароны Расіі апублікавала відэа ўдару па лагеры падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў у Сумскай вобласці. Удар быў нанесены ракетай «Іскандэр».

Сёння ноччу расіяне таксама нанеслі ракетны ўдар па двух прамысловых прадпрыемствах у Сумах. У выніку атакі ў некаторых раёнах горада часова адсутнічае электразабеспячэнне. Вядома аб адным пацярпелым.

вс