Беларуская Служба

Ваенныя шлюбы — вайна выклікае патрэбнасць быць блізка з іншым чалавекам

22.06.2025 18:10
Змаганне за яе стала для многіх украінцаў чарговым актам супраціву.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.qimono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Тыднёвае выданне Polityka друкуе разважанні пра маладое пакаленне ўкраінцаў, іх ваенныя шлюбы. Вайна выклікае патрэбнасць быць блізка з іншым чалавекам. Змаганне за яе стала для многіх украінцаў чарговым актам супраціву. Ваенныя вяселлі як правіла іншыя, чым у мірныя часы – працягваюць карацей, чым павінна быць па традыцыі. Пры гэтым, у 2022 годзе рэкордная колькасць пар вырашыла заключыць шлюбны саюз. Гэта было магчыма нават тады, калі нарачоны быў ужо на фронце. Украіна стала першай краінай на свеце, дзе ўвесь шлюбны працэс можна правесці анлайн.

З таго часу тэндэнцыя адваротная – колькасць шлюбаў зніжаецца, затое расце лічба разводаў. Псіхолагі адзначаюць, што за вялікай колькасцю разводаў (звыш 140 тыс летась) стаяць стомленасць, страта дому, беспрацоўе, алкаголь або ваенная траўма. І, канешне, разлука.

У ваенны час цяжка будаваць саюз з каханай асобай, але людзі шукаюць магчымасці быць блізка з кімсьці. Цяжка жыць у краіне, дзе ідзе вайна, людзям патрэбная падтрымка і размова. Праўда, цяпер бывае нялёгка знайсці партнёра. Шмат мужчын хаваецца па дамах, каб не трапіць на вайну, мільёны жанчын выехалі за мяжу і ўжо не вернуцца. Пры гэтым, па словах Анны Самусевай, якая ладзіць у Кіеве хуткія рамантычныя спатканні, некаторыя жанчыны спецыяльна прыязджаюць у Кіеў з-за мяжы, каб пазнаёміцца з украінцам.

Каханне дапамагае справіцца з экстрэмальнай сітуацыяй вайны, а таксама з’яўляецца формай супраціву. Адным з яго сімвалаў з’яўляюцца салдацкія шлюбы.

“Магчымасць загінуць павышае інтэнсіўнасць пачуццяў”, - кажа Марцэль Мангольд (Marcel Mangold) са Шведскай акадэміі абароны, які даследаваў саюзы ўкраінскіх вайскоўцаў.

Некаторыя пары расказвалі яму, што партнёр вяртаў ім жаданне планаваць будучыню, іх паводзіны сталі менш рызыкоўнымі. З аднаго боку, страх за жыццё партнёра павышае стрэс, але з іншага, павышае таксама ўстойлівасць і рашучасць. Каханне дапамагае таксама закаханым змагацца з ваеннай дэгуманізацыяй. Меркаваннем Мангольда, за ўкраінскай арміяй павінны назіраць іншыя арміі свету і памятаць пра тое, наколькі важныя для салдат адносіны з блізкімі.

Аднак ваенныя траўмы ўскладняюць рамантычныя адносіны. Салдатам прыходзіцца прыхоўваць свае пачуцці, напрыклад, страху. Таму, калі яны вяртаюцца ў мірнае жыццё, ім цяжка выражаць свае пачуцці. Эксперты б’юць трывогу, што ва Украіне расце кольксць людзей, залежных ад парнаграфіі. З іншага боку, некаторыя жанчыны выказваюць боязі, што ваенныя перажыванні мужчын могуць стаць крыніцай праблем, а нават агрэсіі. 

нг