Беларуская Служба

Эксперт: Прыпыненне паставак зброі ва Украіну падбадзёрвае Пуціна

09.07.2025 13:24
Расія павялічыла вытворчасць беспілотнікаў, што дазволіла ёй часцей атакаваць Украіну, выкарыстоўваючы большую колькасць дронаў, зазначае Крысціна Гарвард з Вашынгтонскага Інстытута вывучэння вайны.
Месца ўдару беспілотніка па жылым раёне ХаркаваEPA/SERGEY KOZLOV Dostawca: PAP/EPA.

Прыпыненне паставак зброі ва Украіну падбадзёрвае расійскага лідара Уладзіміра Пуціна, які лічыць, што можа выйграць вайну на знясіленне, падкрэсліла Крысціна Гарвард, эксперт Вашынгтонскага інстытута вывучэння вайны (ISW), у каментарыі для Польскага прэсавага агенцтва (PAP).

На працягу некалькіх месяцаў Расія павольна і паступова фіксуе далейшыя тэрытарыяльныя набыцці ва Украіне, ацаніла аналітык. У той жа час маштаб і смяротнасць удараў расійскіх беспілотнікаў і ракетных нападаў на Украіну значна павялічыліся ў апошнія тыдні. Расія павялічыла вытворчасць беспілотнікаў, што дазволіла ёй часцей атакаваць Украіну, выкарыстоўваючы большую колькасць беспілотнікаў, адзначыла яна.

«Ночы са 100 запускамі беспілотнікаў раней былі выключэннем, але ў апошнія тыдні Расія пабіла свае ўласныя рэкорды, запусціўшы больш за 500 за адну ноч», — падкрэсліла Гарвард.

Паводле яе слоў, Расія адаптавала сваю тэхналогію беспілотнікаў і тактыку іх выкарыстання, каб удары былі больш скаардынаванымі і дакладнымі. Напрыклад, расійскія беспілотнікі чакаюць дадатковых беспілотнікаў у паветры каля горада-мішэні, а потым адначасова наносяць удары роем.

Гэта сведчыць аб тым, што напады Расіі на мірныя раёны Кіева і на ратавальныя службы ў апошнія тыдні з'яўляюцца наўмыснымі, падкрэсліла Гарвард.

Яна дадала, што, як паведамляецца, Расія абсталёўвае свае беспілотнікі механізмам запаволенай дэтанацыі. Яна лічыць, што Масква робіць гэта, каб павялічыць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Бесплотнікі ўяўляюць для іх пагрозу нават пасля таго, як іх збіваюць украінскія сродкі абароны.

Гарвард лічыць, што Расія выкарыстоўвае гэтую тактыку, каб дэмаралізаваць украінцаў і здушыць іх волю да барацьбы. Яна таксама адзначыла, што гэтая стратэгія не спрацавала ў мінулым.

Экспертка дадала, што нядаўняе прыпыненне амерыканскай дапамогі толькі «ўмацавала гэтую ідэю ў свядомасці Пуціна і заахвоціла яго супраціўляцца перамовам і зацягваць вайну, каб дасягнуць сваіх жорсткіх патрабаванняў ваеннымі сродкамі на полі бою».

На мінулым тыдні Белы дом пацвердзіў паведамленні СМІ аб тым, што ён спыніў перадачу некаторых ракет СПА Украіне. Намеснік прэс-сакратара Белага дома Ганна Келі заявіла, што рашэнне было прынята, каб «паставіць інтарэсы Амерыкі на першае месца».

Аднак у панядзелак прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што накіруе Украіне больш абарончай зброі. У аўторак ён пацвердзіў гэты намер, заявіўшы, што расійскі лідар грэбуе чалавечымі жыццямі і забівае занадта шмат людзей.

РАР/юл