Беларуская Служба

Пасол ЗША ў НАТА: Еўропа павінна ўзяць на сябе львіную долю выдаткаў на падтрымку Украіны

11.07.2025 06:30
Пасол ЗША ў НАТА Мэцью Уітакер заявіў у чацвер амерыканскаму тэлеканалу Newsmax, што еўрапейцы павінны ўзяць на сябе львіную долю выдаткаў на падтрымку Украіны, пакуль краіна не зможа абараніць сябе самастойна, без замежнай дапамогі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Sztab Generalny Ukraińskich Sił Zbrojnych

Уітакер, каментуючы нядаўняе прыпыненне паставак ЗША зброі Украіне, адзначыў, што прэзідэнт Дональд Трамп «мае поўныя паўнамоцтвы спыняць, працягваць або павялічваць пастаўкі зброі ва Украіну».

Ён падкрэсліў, што Трамп будзе працягваць рабіць усё, каб «пераканацца, што ЗША ў бяспецы, што ў нас ёсць усё неабходнае для самаабароны».

«У той жа час, я думаю, што – (Трамп) згадваў пра гэта – Украіна павінна абараняцца ад Расіі і яе нападаў», – дадаў ён.

Пасол выказаў думку, што «еўрапейскія саюзнікі павінны ўзяць на сябе львіную долю» падтрымкі Украіны. Ён сказаў, што Еўропа стала больш успрымальнай да гэтага пасля нядаўняга саміту НАТА.

Уітакер заявіў, што саюзнікі па НАТА павялічылі сваю гатоўнасць «ўзяць на сябе традыцыйную абарону еўрапейскага кантынента і, адначасова, узяць на сябе большую адказнасць за пастаўку зброі» Украіне.

У сераду агенцтва Associated Press паведаміла, што адміністрацыя ЗША аднавіла пастаўкі зброі ва Украіну. Пастаўкі зброі былі прыпыненыя тыдзень таму. Белы дом запэўніў, што пастаўкі былі спыненыя ў рамках стандартнага працэсу разгляду Пентагона. У панядзелак Трамп абвясціў, што накіруе Украіне больш абарончай зброі.

PAP/вх