Адсутнасць прадстаўніка Польшчы ў Вашынгтоне сведчыць пра банкруцтва палітыкі цяперашняга ўрада ў дачыненні да Украіны, лічыць дэпутат ад крайне правай партыі «Канфедэрацыя» Міхал Вавэр (Michał Wawer).
Нагадваем, пасля сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім, Дональд Трамп плануе сустрэцца з еўрапейскімі лідарамі, сярод якіх прадстаўніка Польшчы няма.
На думку дэпутата ад «Канфедэрацыі», палітыка ў дачыненні да Украіны, як папярэдняга ўрада «Права і справядлівасці», так і цяперашняга «Грамадзянскай кааліцыі», была занадта паблажлівай.
Міхал Вавэр не хоча загадзя меркаваць, хто – прэзідэнт ЗША ці Украіны – адказны за склад гасцей у Белым доме:
- Незалежна ад таго, хто канчаткова прымаў згаданае рашэнне, адсутнасць польскага прадстаўніка ў Вашынгтоне – гэта наступства палітыкі двух апошніх урадаў, палітыкі Польшчы ў дачыненні да Украіны, адсутнасці напорыстасці і стаўлення ўласных умоў у элементарных пытаннях.
Як чакаецца, а 21:00 (паводле польскага часу) да лідараў ЗША і Украіны ў Белым доме павінны далучыцца, сярод іншых, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.
Прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы кажуць, што прычыну адсутнасці Польшчы ў Вашынгтоне трэба высветліць у адміністрацыі прэзідэнта. У сваю чаргу, прэзідэнт Караль Наўроцкі запэўніў, што польская пазіцыя будзе прадстаўлена ў Вашынгтоне нават без прысутнасці польскага прадстаўніка.
IAR/аз