У Белым доме ў Вашынгтоне ў панядзелак, 18 жніўня, прайшла сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Перамовы тычыліся ранейшага спаткання Трампа з Уладзімірам Пуціным, якое адбылася 15 жніўня на Алясцы. Галоўная мэта сустрэчы – патэнцыйнае спыненне баявых дзеянняў ва Украіне. З працягам тэмы ВС.
На перамовы ў Вашынгтон таксама прыбылі старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні, прэзідэнт Францыі Франсуа Макрон, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер і генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ. Раней з’явіліся паведамленні, што ўдзел у перамовах прыме прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, аднак, як аказалася, кіраўнік краіны не быў запрошаны на перамовы.
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп пасля перамоў у Белым доме. Крыніца: PAP/EPA/AARON SCHWARTZ/POOL
Перад сустрэчай Трамп і Зяленскі паразмаўлялі з прэсай. «Я раблю, што магу. Я хачу, каб вайна спынілася», – сказаў Трамп.
Уладзімір Зяленскі падзякаваў прэзідэнту ЗША і яго адміністрацыі за іх намаганні.
«Нам трэба спыніць вайну з Расіяй і для гэтага нам патрэбна падтрымка Амерыкі і еўрапейскіх партнёраў. Мы падтрымліваем ініцыятыву ЗША і асабіста прэзідэнта Трампа спыніць гэтую вайну», – сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Дональд Трамп не чакае спынення агню да дасягнення мірнага пагаднення паміж Расіяй і Украінай. Ён заявіў, што са стратэгічнага пункту гледжання краіны могуць не хацець прыпынення ваенных аперацый.
- Мне адпавядае ідэя спынення агню па адной прычыне – людзі перастануць паміраць. Але мы можам выпрацаваць дамоўленасць, паводле якой мы будзем працаваць над мірным пагадненнем, пакуль яны ваююць. Я хацеў бы, каб яны спыніліся, але стратэгічна кажучы, на гэта можа не пайсці адзін ці другі бок.
Украінская і амерыканская дэлегацыі. Крыніца: PAP/EPA/PRESIDENTIAL PRESS SERVICE/HANDOUT
Амерыканскі прэзідэнт таксама паведаміў, што пасля перамоваў з Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі збіраецца звязацца з Уладзімірам Пуціным.
- Я толькі што меў кантакт з прэзідэнтам Пуціным праз нашых людзей. Мы патэлефануем адразу пасля сённяшніх сустрэч. Трохбаковая сустрэча магчымая, але гэта не на 100 працэнтаў. Калі такая сустрэча не адбудзецца, баявыя дзеянні будуць працягвацца. Аднак, калі яна адбудзецца, у нас ёсць добры шанец спыніць вайну. Ён чакае майго званка пасля заканчэння гэтай сустрэчы.
Адказваючы на пытанне журналістаў, Зяленскі пацвердзіў гатоўнасць правесці трохбаковую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным і намер арганізаваць ва Украіне выбары адразу пасля заканчэння вайны.
- Мы падтрымалі ідэю Злучаных Штатаў, асабістую ідэю прэзідэнта Трампа, спыніць гэтую вайну і знайсці дыпламатычны шлях яе спынення. Мы гатовыя да трохбаковай сустрэчы, як сказаў прэзідэнт Трамп. Гэта добры знак.
Усе ўдзельнікі сустрэчы. Крыніца: PAP/EPA/AARON SCHWARTZ/POOL
Разам з Зяленскім у сустрэчы з Трампам удзельнічалі кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак і сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэм Умераў.
З боку ЗША, акрамя Трампа, у перамовах прымалі ўдзел віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, дзяржсакратар Марка Рубіё, спецпасланнікі Стыў Уіткаф і Кіт Келаг, а таксама кіраўнік апарата Белага дома Сьюзан Уайлс.
У Вашынгтоне падчас правядзення сустрэчы былі прадпрынятыя надзвычайныя сродкі бяспекі. Крыніца: PAP/EPA/SHAWN THEW
«Калі вайна скончыцца – я не ведаю. Але гэтая вайна скончыцца. Мы зробім так, каб гэтая вайна скончылася», – сказаў Дональд Трамп. Амерыканскі прэзідэнт заявіў таксама, што ЗША не падтрымліваюць уступленне Украіны ў НАТА, але дадуць ёй дакладныя гарантыі бяспекі.
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі застаўся задаволены перамовамі з Трампам і назваў іх «вельмі канструктыўнымі».
У Вашынгтоне падчас правядзення сустрэчы былі прадпрынятыя надзвычайныя сродкі бяспекі. Крыніца: PAP/EPA/SHAWN THEW
Зяленскі заявіў, што гатовы да трохбаковай сустрэчы з Пуціным і Трампам. На ёй, паводле яго слоў, будуць абмяркоўвацца тэрытарыяльныя пытанні.
«Я спадзяюся, што мы знойдзем рашэнне па ўсіх пытаннях, у тым ліку тэрытарыяльных», – сказаў ён.
Агулам сустрэча працягвалася каля паўгадзіны.
На гэты раз Уладзімір Зяленскі з’явіўся ў Белым доме ў чорным касцюме, хоць і не класічным ды без гальштука. Украінскага прэзідэнта пахваліў сам Трамп за стыль вопраткі.
Нагадаем, падчас спаткання ў лютым бягучага года Зяленскі атрымаў заўвагу за тое, што нібыта не паважае амерыканцаў, бо прыбыў на спатканне ў сваім звычайным адзенні ў стылі мілітары, у якое ён апранаецца з самага пачатку вайны. Тады сустрэча закончылася скандалам. Як бачна, цяпер украінскі бок вырашыў не раздражняць амерыканцаў пратакольным пытаннем. І агулам, як заўважаюць СМІ і аглядальнікі, панядзелкавыя перамовы прайшлі ў прыязнай атмасферы.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл