Беларуская Служба

Украіна ўдарамі дронаў вывела са строю 17% расійскіх НПЗ

26.08.2025 10:27
У некаторых рэгіёнах Расіі, а таксама ў акупаваных частках Украіны, у тым ліку ў Крыме, адчуваецца дэфіцыт бензіну.
Гарыць расійская паліўная інфраструктура пасля ўдару ўкраінскіх дронаў здымак з адкрытых крыніц

У апошні час Украіна ўзмацніла атакі беспілотнікаў на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы і экспартную паліўную інфраструктуру, нанёсшы ўдар па ключавым сектары расійскай эканомікі. Агенцтва Reuters заўважае, што атакі парушылі перапрацоўку і экспарт нафты, а таксама стварылі дэфіцыт паліва ў некаторых частках Расіі. Паводле аналітыкаў, ваенныя аперацыі з'яўляюцца адказам на ўдары расіян па ўкраінскіх газавых і энергетычных абʼектах.

Спецыялісты падлічылі, што атакі Украіны на 10 нафтаперапрацоўчых заводаў вывелі са строю як мінімум 17% магутнасцей расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Удары па паліўным сектары адбываюцца на фоне павялічанага попыту на паліва ў сувязі з пікам турыстычнага сезону і ўборкай ураджаю.

У некаторых рэгіёнах Расіі, а таксама ў акупаваных частках Украіны, у тым ліку ў Крыме, адчуваецца дэфіцыт бензіну. На АЗС утварыліся доўгія чэргі – часам у іх прыходзіцца стаяць па восем гадзін.

Расія залежыць ад экспарту нафты і газу на чвэрць сваіх бюджэтных даходаў, якія фінансавалі павелічэнне выдаткаў на абарону на 25% у гэтым годзе да самага высокага ўзроўню з часоў халоднай вайны.

вс