Беларуская Служба

Кітай рэзка павялічыў пастаўкі кампанентаў для расійскіх ударных дронаў

14.10.2025 14:33
Толькі ў жніўні ў Расію было адпраўлена больш за 524 тыс. кіламетраў оптавалакна, чаго дастаткова, каб сабраць прыкладна 26 тыс. дронаў. 
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/EPA/YURI KOCHETKOV

Кітай у некалькі разоў нарасціў пастаўкі ў Расію ключавых кампанентаў для баявых беспілотнікаў — оптавалаконных кабеляў і літый-іённых акумулятараў, якія шырока выкарыстоўваюцца на фронце ва Украіне,  — паведамляе The Washington Post.

Паводле дадзеных кітайскай мытні, толькі ў жніўні ў Расію было адпраўлена больш за 524 тыс. кіламетраў оптавалакна, чаго дастаткова, каб сабраць прыкладна 26 тыс. дронаў. У траўні і чэрвені паказчыкі таксама былі рэкорднымі — 190 і 208 тыс. кіламетраў адпаведна. Для параўнання, ва Украіну ў тым жа жніўні Кітай адгрзіў усяго 115 км кабеля.

Эксперты лічаць, што оптавалакновыя дроны становяцца сур’ёзнай пагрозай: яны кіруюцца праз кабель і не паддаюцца радыёэлектроннаму глушэнню. Паводле аналітыкаў, такія апараты ўжо пераразаюць шляхі забеспячэння ўкраінскага войска.

Акрамя таго, у чэрвені ў Расію былі пастаўлены кітайскія літый-іённыя акумулятары на 54 млн долараў. Спецыялісты мяркуюць, што асноўная іх частка ідзе менавіта для беспілотнікаў, бо ў Расіі не развіта вытворчасць электрамабіляў ці электронікі.

Хоць агульны экспарт Кітая ў РФ у 2025 годзе скарачаецца, рост паставак кампанентаў для дронаў сведчыць аб тым, што Пекін фактычна падтрымлівае расійскі ваенна-прамысловы комплекс.

dw/эж


Камплектуючыя для расійскіх беспілотнікаў паступаюць з Кітая

11.09.2025 10:56
Пекін сцвярджае, што кантралюе продаж такіх матэрыялаў у адпаведнасці з кітайскім заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі.