У чацвер Генеральны штаб у Кіеве паведаміў, што войска Украіны атакавала нафтаперапрацоўчы завод у Саратаве, на паўднёвым захадзе Расіі, адно з найстарэйшых прадпрыемстваў такога тыпу ў краіне.
«Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод – адзін з найстарэйшых у Расіі. Яго аб'ём перапрацоўкі нафты ў 2023 годзе склаў 4,8 мільёна тон. Прадпрыемства імкнецца задавальняць патрэбы Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі», – гаворыцца ў заяве Генеральнага штаба.
Ён падкрэсліў, што ўкраінскія сілы паслядоўна рэалізуюць план дзеянняў, накіраваны на нанясенне ўдараў па крытычна важных элементах ваенна-прамысловай базы Расіі, каб пазбавіць яе магчымасці працягваць агрэсію. «Працяг будзе... Слава Украіне!» – папярэдзіла ўкраінскае камандаванне.
Інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» адзначыла, што інтэнсіўнасць украінскіх атакаў на расійскія нафтагазавыя абʼекты рэзка ўзрасла ў жніўні і верасні 2025 года. З пачатку жніўня Украіна нанесла як мінімум 28 удараў па ключавых расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, пашырыўшы маштаб атак і прывёўшы да дэфіцыту бензіну ў некалькіх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі.
Перабоі з падачай паліва на запраўкі адбыліся ў дзесяці рэгіёнах, у тым ліку ў акупаваным Расіяй Крыме. Паводле звестак экспертаў, у выніку нападаў выведзена з ладу прыкладна 38 працэнтаў вытворчых магутнасцей нафтаперапрацоўчых заводаў у Расіі.
PAP/ав