Сустрэча лідараў так званай Кааліцыі ахвотных, што адбылася ў Лондане, была вельмі плённай — заявіў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ. Паводле яго, удзельнікі сустрэчы ўзгаднілі далейшае ўмацаванне сістэмы супрацьпаветранай абароны Украіны і ўзмацненне палітычнага і эканамічнага ціску на Уладзіміра Пуціна
Генсек НАТА адзначыў, што адным з важных элементаў гэтага ціску сталі нядаўнія санкцыі ЗША супраць найбуйнейшых расійскіх нафтавых і газавых кампаній: «Роснафта» і «Лукойл».
«Гэтыя санкцыі пазбавяць расійскія кампаніі прыбыткаў і істотна павялічаць ціск на Пуціна, каб ён сеў за стол перамоў. Яны таксама сведчаць пра поўную адданасць прэзідэнта Трампа мэце спыніць гэтую вайну і забяспечыць Украіне трывалую мірную будучыню», — падкрэсліў кіраўнік НАТА.
Паводле Рутэ, менавіта цяпер Захад павінен узмацняць ціск на Маскву, якая не дасягае істотных поспехаў на фронце. У сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнт Украіны і прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі, Даніі і Нідэрландаў, яшчэ каля дваццаці кіраўнікоў дзяржаў далучыліся да дыскусіі анлайн, сярод іх — прэм’ер Польшчы Дональд Туск.
iar/эж