Беларуская Служба

Дональд Туск: Вайна Расіі з Украінай можа працягвацца нават і дзесяць гадоў

26.10.2025 13:04
«Украіна застанецца незалежнай дзяржавай». 
 . :
Антываенны плакат. Аўтар: Вольга Пранкевічкрыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Украіна гатовая змагацца з Расіяй яшчэ два або тры гады, але, баюся, канфлікт можа зацягнуцца на дзесяцігоддзе, — сказаў прэм’ер Дональд Туск у інтэрв’ю выданню Sunday Times. Ён таксама папярэдзіў Захад, што Масква, нягледзячы на эканамічныя праблемы, усё яшчэ мае перавагу ў гатоўнасці да вайны.

У інтэрв’ю брытанскаму штотыднёваму выданню кіраўнік польскага ўраду заявіў, што не мае сумненняў у тым, што «Украіна застанецца незалежнай дзяржавай». «Цяпер самае важнае пытанне — колькі ахвяр мы яшчэ панясём», — дадаў Дональд Туск і адзначыў, што Расія ў доўгатэрміновай перспектыве «не мае шанцаў». У той жа час ён падкрэсліў, што расіяне маюць «адну вялікую перавагу над Захадам, асабліва над Еўропай: яны гатовыя ваяваць», а на думку польскага прэм’ера, «падчас вайны гэта мае абсалютна вырашальнае значэнне».

Дональд Туск таксама сказаў, што адчувае пэўнае «горкае задавальненне», бо шмат гадоў папярэджваў пра варожыя намеры Масквы. Ён адзначыў, што «пагроза мае глабальны і ўніверсальны характар», а Вялікабрытанія не можа жыць у «салодкай ілюзіі», што застанецца па-за канфліктам у выпадку вайны паміж краінамі НАТА і Расіяй.

IAR/нг