Беларуская Служба

Расія шукае жадаючых ісці ваяваць супраць Украіны не толькі ў КНДР, але таксама ў арабскіх краінах

06.11.2025 12:59
Сацыяльныя сеткі, акрамя падтрымкі патэнцыйных рэкрутаў, перапоўнены каментарамі ад сем'яў, якія шукаюць сваіх зніклых сваякоў. 
 . .
Іракскія салдаты. Ілюстрацыя. Фота: haqqin.az

Расія вярбуе маладых іракцаў на вайну ва Украіне, паведамляе Defence24 са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва AFP. Грамадзян Ірака прываблівае перспектыва добрай аплаты і магчымасць атрымання расійскага пашпарта.

Для вярбоўкі выкарыстоўваюцца сацыяльныя сеткі, як TikTok і Telegram, а іх стваральнікі прапануюць дапамогу патэнцыйным арабскім рэкрутам — не толькі з Ірака, але і з Сірыі, Егіпта і іншых краін. Штомесячная зарплата ў чатыры разы перавышае зарплату іракскага вайскоўца (2800 долараў), таксама вабіць аднаразовая выплата да 20 тыс. долараў.

Стваральнікі такіх акаўнтаў аказваюць усебаковую дапамогу ў арганізацыі паездак і віз для паездак у Расію і ўступлення на вайсковую службу. Яны таксама прадастаўляюць гатовы спіс важных ваенных тэрмінаў на рускай мове, такіх як «боепрыпасы скончыліся», «місія выканана», «у нас ёсць страты» і «атака дронаў-камікадзэ». Існуюць таксама шматлікія акаўнты, якія прапануюць дадатковыя паслугі, у тым ліку дапамогу ў адпраўцы заробкаў сем'ям у Ірак.

Агенцтва адзначыла, што падобныя метады раней выкарыстоўвалі расіяне для вярбоўкі маладых людзей з краін Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі ды Кубы.

AFP таксама змагло звязацца з адным іракцам, які паехаў у Расію і ўступіў у армію. Цяпер ён публікуе ў сацыяльных сетках паведамленні, у якіх хваліць свой выбар і заклікае іншых ісці па яго слядах. «Дайце мне іракскага салдата і расійскую зброю, і мы вызвалім свет ад заходняга каланіялізму», — заявіў ён у адным з пастоў.

Абас Хамадула (Abbas Hamadullah), які выкарыстоўвае псеўданім Абас аль-Мунасер (Abbas al-Munaser), — іранец, які пайшоў у войска і ваюе на перадавой ва Украіне. Хоць спярша гэта не было яго планам, бо ён меў намер працягваць шлях у Еўропу, але шматлікія рэкламы, якія заклікалі служыць у расійскай арміі, падштурхнулі яго да гэтага рашэння.

Аднак, нягледзячы на фінансавыя выгады, ён падкрэсліў, што гэта рызыкоўнае рашэнне, паколькі «тут (на перадавой — рэд.) ёсць смерць». «Мы прайшлі праз шмат войнаў у Іраку, але гэтая іншая. Гэта высокатэхналагічная вайна, вайна беспілотнікаў», — дадаў ён.

Сацыяльныя сеткі, акрамя падтрымкі патэнцыйных рэкрутаў, перапоўнены каментарамі ад сем'яў, якія шукаюць сваіх зніклых сваякоў. Яны часта атрымліваюць супярэчлівую інфармацыю пра лёс сваіх блізкіх — часам такую банальную, як грып, да самай страшнай — што яны загінулі.

нг