Беларуская Служба

Старшыня Еўракамісіі заклікае да згоды на фінансавую падтрымку Украіны

13.11.2025 11:01
Камісія не спыняе пераконваць членскія краіны да ідэі выкарыстання замарожаных расійскіх актываў на карысць Украіны.
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен PAP/EPA/OLIVIER HOSLET

Старшыня Еўрапейскай камісіі заклікала краіны ЕС даць згоду на фінансавую падтрымку Украіны. Са згаданым заклікам Урсула фон дэр Ляен выступіла на пасяджэнні Еўрапарламента ў Бруселі.

Камісія не адмаўляецца ад ідэі рэпарацыйнага крэдыту ў памеры 140 мільярдаў еўра, які будзе прафінансаваны за кошт замарожаных расійскіх актываў:

- Гэта найбольш эфектыўны спосаб умацавання абароны і эканомікі Украіны. І найбольш магутны спосаб даць Расіі зразумець, што час не на яе баку. Мы пакажам, што мы заангажаваныя ў даўжэйшай перспектыве, паколькі гаворка ідзе таксама пра нашую свабоду і нашую дэмакратыю.

Аднак пакуль супраць выкарыстання замарожаных расійскіх актываў выступае Бельгія, якая асцерагаецца помсты з боку Расіі, паколькі сродкі захоўваюцца на рахунках бельгійскай разліковай кампаніі. На згаданае рашэнне не пагаджаюцца таксама Славакія і Венгрыя.

Іншая ідэя заключаецца ў тым, каб ЕС пазычыў грошы на рынках або каб дзяржавы-члены пералічылі грошы з уласных бюджэтаў.

Старшыня Еўракамісіі падкрэсліла, што фінансавая падтрымка Украіны тэрміновая, бо Расія ўзмацніла свае атакі, у першую чаргу на энергетычную інфраструктуру краіны:

- Усяго за адзін дзень мінулага тыдня Расія запусціла больш за 40 балістычных і крылатых ракет і амаль 500 беспілотнікаў, атакуючы ўкраінскую энергетычную інфраструктуру. Дзве буйныя электрастанцыі былі знішчаны. Пасля паразы на полі бою прэзідэнт Пуцін зноў спрабуе тэрарызаваць украінскі народ, выкарыстоўваючы зіму як зброю, каб прымусіць Украіну капітуляваць.

Чарговая спроба дамовіцца аб фінансавай падтрымцы Украіны на бліжэйшыя гады адбудзецца праз месяц на саміце ЕС з удзелам еўрапейскіх лідараў.

IAR/аз

Еўракамісар: Польшча можа быць вызваленая ад прымусовага размеркавання мігрантаў

12.11.2025 12:33
Акрамя Польшчы, на выключэнне могуць прэтэндаваць Аўстрыя, Балгарыя, Харватыя, Чэхія і Эстонія.

Прэзідэнт Сербіі: Вайна Еўропы з РФ робіцца ўсё больш відавочнай 

12.11.2025 13:16
Аляксандр Вучыч падкрэсліў, што ў такой сітуацыі Сербія апынулася паміж молатам і кавадлам.