Канструктыўныя, канкрэтныя і паважлівыя – так Белы дом апісвае перамовы ў Жэневе, падчас якіх амерыканская і ўкраінская дэлегацыі абмеркавалі мірны план адміністрацыі Дональда Трампа для Кіева.
Паводле Белага дома, перамовы прадэманстравалі прыхільнасць украінскага боку да дасягнення справядлівага і трывалага міру.
«Абодва бакі пагадзіліся з тым, што кансультацыі былі вельмі прадуктыўнымі. Дыскусіі прадэманстравалі значны прагрэс у кірунку ўзгаднення пазіцый і вызначэння выразных наступных крокаў. Было пацверджана, што любое будучае пагадненне павінна цалкам паважаць суверэнітэт Украіны і забяспечваць трывалы і справядлівы мір. У выніку абмеркаванняў бакі распрацавалі абноўлены і ўдасканалены мірны план», – гаворыцца ў заяве Белага дома.
Адміністрацыя прэзідэнта адзначыла, што ўкраінскі бок выказаў падзяку за прыхільнасць і намаганні Злучаных Штатаў па спыненні вайны. Абодва бакі пацвердзілі сваю гатоўнасць працягваць працаваць над мірам і дамовіліся працягнуць працу над сумеснымі прапановамі ў бліжэйшыя дні.
Украіна і Злучаныя Штаты таксама будуць падтрымліваць цесны кантакт са сваімі еўрапейскімі партнёрамі.
Перад перамовамі з дэлегацыяй ЗША прадстаўнікі Украіны сустрэліся з дэлегатамі еўрапейскіх партнёраў, якія прадставілі свой мірны план. Паводле звестак Reuters і Bloomberg, гэтая прапанова прадугледжвае фінансавую адказнасць Расіі за вайну, абмежаванне ўкраінскай арміі да 800 000 вайскоўцаў, але толькі ў мірны час. Падобная ўмова тычыцца адсутнасці войскаў НАТА ва Украіне.
Альянс таксама гарантуе Украіне дапамогу ў выпадку паўторнага нападу Расіі. З гэтай прапановай Андрэй Ермак і яго каманда селі за стол перамоваў з амерыканцамі.
Між тым, Расія афіцыйна не каментуе ўкраінска-амерыканскіх перамоваў па мірным плане. Масква толькі пацвердзіла, што Вашынгтон прадставіў праект дакумента.
IAR/аз