Беларуская Служба

«Не сутыкаліся з такім з 2022 года»: украінскі афіцэр расказаў пра страты ворага ў Пакроўску

26.11.2025 17:19
«Сярод палонных шмат заражаных ВІЧ/СНІДам і гепатытамі розных тыпаў, у многіх няма зубоў».
   .
На ўездзе ў Пакроўск.Фота: Таццяна Касцючэнкa / commons.wikimedia.org

З такою колькасцю варожай пяхоты і тэхнікі разам з авіяцыяй і дронамі, якую расійская армія выкарыстоўвае пад Пакроўскам, украінцы не сутыкаліся з 2022 года — як і з такою колькасцю забітых і ўзятых у палон расіян. Пра гэта ў эфіры КІЕЎ24 сказаў афіцэр брыгады «Рубеж» Нацыянальнай гвардыі Украіны Уладзімір Чарняк, аб чым піша УНІАН.

Паводле яго слоў, не адпавядае рэчаіснасці інфармацыя, што сітуацыя ў Пакроўску стабілізавалася. Ваенны тлумачыць: калі параўнаць, колькі сіл, тэхнікі і жывой сілы вораг марнуе на штурмы кожную гадзіну, то для поўнай стабілізацыі сітуацыі патрэбна значна больш асабовага складу Сіл абароны Украіны.

Чарняк адзначыў, што на ўчастку адказнасці брыгады «Рубеж» праціўнік не здолеў прарваць абарону і не мае поспехаў у прасоўванні. Па яго словах, такіх страт, як пад Пакроўскам і ў самым горадзе, расійскія войскі не неслі ні з пачатку поўнамаштабнага нападзення, ні падчас украінскіх контрнаступаў. Таксама з 2022 года не было і такой колькасці палонных.

Афіцэр лічыць, што расіяне губляюць значна больш людзей, чым захопліваюць тэрыторый, і гэта станоўчы момант: ніводная армія свету не магла б дазволіць сабе такія страты.

«Але мы маем справу з Расіяй, і калі ім так падабаецца паміраць — брыгада “Рубеж” ім у гэтым дапаможа», — сказаў Чарняк.

Ён таксама адзначыў, што на Пакроўскім напрамку праціўнік канцэнтруецца на знішчэнні ўкраінскай лагістыкі. Аб атачэнні горада гаворкі няма, але сітуацыя вельмі напружаная.

Паводле яго слоў, расійскіх штурмавікоў яны называюць «аднаразовымі воінамі»: іх пасылаюць у інфільтрацыю і штурм з мінімальнымі запасамі вады і ежы. «З “Мавікаў” ім скідваюць, хутчэй за ўсё, моцныя абязбольваючыя і батарэі для рацый, а вось пра ваду і еду гаворка амаль не ідзе», — дадаў ён.

Чарняк падкрэсліў, што штурмавыя групы, якія цяпер трапляюць у палон на гэтым напрамку, — гэта «самыя маргінальныя праслойкі насельніцтва РФ». «Сярод палонных шмат заражаных ВІЧ/СНІДам і гепатытамі розных тыпаў, у многіх няма зубоў», — сказаў афіцэр.

нг