Еўрапейская камісія разлічвае, што краіны ЕС ужо ў снежні змогуць дасягнуць пагаднення па рэпарацыйнай пазыцы для Украіны. Прапануецца выкарыстаць замарожаныя расійскія актывы, агульны аб’ём падтрымкі ацэньваецца ў 140 млрд еўра.
Аднак супраціў выказвае Бельгія, на тэрыторыі якой знаходзіцца значная частка гэтых актываў. Урад краіны асцерагаецца судовых пазоваў і магчымай помсты з боку Масквы.
«Бельгія мае абгрунтаваную занепакоенасць адносна рызыкаў, але ўсе астатнія дзяржавы-члены гатовыя падзяліць гэтыя рызыкі. Мы працягваем дыялог. І мы не збіраемся пакідаць снежаньскі саміт па фінансаванні Украіны без выніку», — заявіла кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас.
Брусель патрабуе жорсткіх гарантый таго, што не застанецца сам-насам з наступствамі магчымых пазоваў. Еўракамісія абмяркоўвае стварэнне спецыяльнага фонду дапамогі Бельгіі, у які краіны ЕС маглі б рабіць унёскі паводле ўзроўню свайго нацыянальнага даходу.
Паколькі на падрыхтоўку механізму рэпарацыйнай пазыкі спатрэбіцца час, Еўракамісія прапануе часова ўзяць сродкі ў крэдыт на рынку і ўжо ў студзені накіраваць іх Кіеву.
iar/эж