Саудаўская Аравія з'яўляецца чарговым пакупніком украінскага збожжа, якое Расія адпраўляе з акупаванага крымскага порта ў Севастопалі. Пра гэта сведчаць вынікі сумеснага расследавання галандскай групы Bellingcat і брытанскага часопіса Lloyd’s List.
Паводле расследавання, збожжа з Крыма ў Саудаўскую Аравію перавозілася расійскім балкерам »Краснадар«. Падчас першага рэйса ў верасні 2025 года ўкраінскае збожжа прыбыло ў Порт караля Абдулазіза ў Дамаме, а наступная партыя была разгружаная ў канцы лістапада ў Джызане. Абодва парты размешчаны на захадзе Саудаўскай Аравіі на Чырвоным моры.
Такім чынам, Саудаўская Аравія далучаецца да краін, якія купляюць збожжа з акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый, сярод іх: Бангладэш, Егіпет, Іран, Лівія, Сірыя, Турцыя, Венесуэла і кантраляваная гусітамі частка Емена.
Украіна неаднаразова спрабавала адгаварыць гэтыя краіны ад куплі збожжа з акупаваных Расіяй украінскіх рэгіёнаў.
Падчас чатырохгадовай вайны з Украінай Масква пераўтварыла захопленыя ў 2014 годзе крымскія парты, у тым ліку Севастопаль, Еўпаторыю і Керч у важныя лагістычныя цэнтры для экспарту скрадзенага збожжа і вугалю.
Да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе Крэмль перыядычна выкарыстоўваў гэтыя парты для экспарту збожжа, у першую чаргу ў Сірыю і Турцыю.
Аўтары дакладу падкрэслілі, што акупацыя дадатковых тэрыторый у Данецку і Запарожжы дазволіла Расіі стварыць новы маршрут паставак, у выніку чаго велізарная колькасць збожжа паступіла ў Крым і экспартавалася на міжнародныя рынкі, у першую чаргу ў афрыканскія краіны.
У рэкордным 2023 годзе Расія, як мяркуецца, незаконна экспартавала не менш за 4 мільёны тон збожжа з акупаванай часткі Украіны.
Журналісты Bellingcat і Lloyd’s List адзначылі, што, хоць Саудаўская Аравія зʼяўляецца апошнім прамым імпарцёрам збожжа з Севастопаля, які знаходзіцца пад санкцыямі, незразумела, ці ведаюць улады ў Эр-Рыядзе яго сапраўднае паходжанне. Маршруты транспарту збожжа паўтараюць тыя, якія выкарыстоўваюцца расійскім ценявым флотам для перавозкі санкцыйнай сырой нафты.
У абодвух выпадках экіпажы суднаў робяць усё магчымае, каб схаваць паходжанне грузу і порт адпраўкі. Акрамя таго, расіяне выдаюць фальшывыя дакументы як на сырую нафту, так і на збожжа.
аз