Камандзір Рускага добраахвотніцкага корпусу (РДК) Дзяніс Капусцін, вядомы таксама як White Rex, жывы, а інфармацыя пра ягоную гібель была элементам спецыяльнай аперацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. Пра гэта паведамілі ў ГУР у чацвер, 1 студзеня.
Паводле звестак украінскай выведкі, расійскія спецслужбы замовілі забойства Дзяніса Капусціна, вылучыўшы на гэта 500 тысяч долараў. У выніку комплекснай спецаперацыі, што доўжылася больш за месяц, украінскаму боку ўдалося перадухіліць замах, усталяваць заказнікаў і выканаўцаў, а таксама атрымаць сродкі, якія прызначаліся для ліквідацыі камандзіра РДК.
ГУР апублікавала відэа, на якім кіраўніку выведкі Кірылу Буданаву дакладваюць аб выніках аперацыі. На запісы таксама прысутнічае сам Капусцін.
Капусцін заявіў, што ягоная часовая адсутнасць не паўплывала на выкананне баявых задач падраздзяленнямі корпусу. Буданаў адзначыў, што атрыманыя ад расійскіх спецслужбаў сродкі былі скіраваныя на падтрыманне падраздзяленняў ГУР.
27 снежня РДК паведаміў пра гібель свайго камандзіра, сцвярджаючы, што ён нібыта загінуў у выніку атакі FPV-дрона на запарожскім кірунку. Як удакладнілі ў ГУР, гэтая інфармацыя распаўсюджвалася ў межах спецаперацыі.
Дзяніс Капусцін, вядомы як White Rex, – камандзір Рускага добраахвотніцкага корпусу, які ваюе на баку Украіны супраць Расіі. Ён з падлеткавага ўзросту жыў у Германіі, быў звязаны з футбольнымі фанацкімі і ўльтраправымі рухамі ў Еўропе і Расіі. З 2017 года Капусцін жыве ва Украіне, з 2019 года яму забаронены ўезд у краіны Еўрасаюзу, а від на жыхарства ў Германіі быў ануляваны.
У Расіі Капусцін завочна прысуджаны да пажыццёвага пазбаўлення волі паводле абвінавачанняў у арганізацыі дыверсіяў і іншых злачынстваў.
Белсат/ав