Беларуская Служба

СБУ: Масавыя зімовыя атакі Расіі на аб'екты энергетыкі Украіны маюць прыкметы генацыду

15.01.2026 18:02
З пачатку кастрычніка 2025 года па цяперашні час акупанты наўмысна атакавалі 11 гідраэлектрастанцый і 45 найбуйнейшых цеплавых электрастанцый краіны.
Расійскі беспілотнік упаў на на дзіцячую пляцоўку ў цэнтры ЛьвоваPAP/Vitaliy Hrabar

Масавыя зімовыя атакі Расіі на аб'екты энергетыкі Украіны маюць прыкметы генацыду, заявіла ў чацвер Служба бяспекі Украіны (СБУ), якая збірае доказы супраць Масквы.

«Служба бяспекі Украіны сабрала неабходныя доказы, якія пацвярджаюць, што расійскія ўдары па энергетычным сектары зʼяўляюцца паслядоўнай палітыкай Крамля, накіраванай на знішчэнне ўкраінскай нацыі, і маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці», – гаворыцца ў заяве службы, апублікаванай у сацыяльных сетках.

Паводле дадзеных СБУ, з пачатку бягучага ацяпляльнага сезона задакументавана 256 расійскіх авіяўдараў па абʼектах энергетыкі і сістэмах цеплазабеспячэння Украіны.

«З пачатку кастрычніка 2025 года па цяперашні час акупанты наўмысна атакавалі 11 гідраэлектрастанцый і 45 найбуйнейшых цеплавых электрастанцый краіны. Акрамя таго, расійскія агрэсары нанеслі 49 мэтанакіраваных авіяўдараў па цеплавых электрастанцыях і 151 па электрападстанцыях у розных рэгіёнах Украіны», – паведаміла СБУ.

Расія сканцэнтравала свае атакі на энергетычны сектар Украіны на тэрыторыях, якія яна лічыць рускамоўнымі тэрыторыямі. Сярод іх Кіеўская, Харкаўская, Адэская, Днепрапятроўская, Сумская, Мікалаеўская і Чарнігаўская вобласці.

«Дакументальна пацверджаны факты атак Расійскай Федэрацыі на крытычна важную інфраструктуру краіны з выкарыстаннем ракет «Іскандэр», «Калібр», балістычных і крылатых ракет Х-101, Х-69, а таксама беспілотнікаў класа «Геран», – паведаміла СБУ.

У заяве адзначаецца, што атакі адбываюцца падчас рэзкага падзення тэмпературы. Яны прыводзяць да адключэння вады, электрычнасці і цяпла ва ўкраінцаў.

«Служба бяспекі кваліфікуе сістэматычнае знішчэнне Расіяй украінскай энергетычнай сістэмы як злачынствы супраць чалавечнасці (...), паколькі яно ўяўляе сабой паслядоўнае стварэнне ўмоў жыцця, накіраваных на знішчэнне часткі насельніцтва. Адной з асаблівасцей гэтага артыкула зʼяўляецца тое, што ён прызнае гэтую катэгорыю абстрэлаў міжнароднымі злачынствамі, за якія прадугледжана строгая адказнасць як ва ўкраінскіх, так і ў замежных судах», – паведаміла СБУ.

У Кіеве ў чацвер днём тэмпература паветра складала мінус 11 градусаў Цэльсія. Па ўсім горадзе былі створаны шматлікія пункты дапамогі, дзе прапануюць гарачую гарбату і магчымасць зарадзіць мабільныя прылады.

ав