Беларуская Служба

Перамовы ў ААЭ паміж расійскай, амерыканскай і ўкраінскай дэлегацыямі працягнуцца на наступным тыдні

25.01.2026 10:46
Бакі абмеркавалі тэрытарыяльныя прэтэнзіі Расіі да Данбаса, спрэчку вакол Запарожскай АЭС і крокі па дээскалацыі баявых дзеянняў. 
  .
Перамовы ў ААЭ.PAP/EPA/UAE Presidential Court

На наступным тыдні ў Абу-Дабі (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) адбудзецца чарговы раўнд трохбаковых перамоў паміж ЗША, Украінай і Расіяй. Учорашняя сустрэча, прысвечаная мірнаму плану, была названая канструктыўнай. Аднак, неафіцыйна вядома, што абмяркоўваюцца некалькі спрэчных пунктаў, якія перашкаджаюць спыненню баявых дзеянняў.

Пасля перамоў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах падрабязнасцей было апублікавана мала, але Axios са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што бакі абмеркавалі тэрытарыяльныя прэтэнзіі Расіі да Данбаса, спрэчку вакол Запарожскай АЭС і крокі па дээскалацыі баявых дзеянняў. 

Ва Украіне ёсць асцярогі, што Крэмль выкарыстае гэты апошні фармат перамоваў, каб проста зрабіць выгляд, што дасягнуў пагаднення. Расія, відаць, не намерана адмовіцца ад свайго патрабавання перадаць ёй увесь Данбас, але яна таксама высоўвае дадатковыя патрабаванні. У суботу Міністэрства замежных спраў Расіі заявіла, што мір абумоўлены дазволам Рускай праваслаўнай царкве неабмежавана дзейнічаць ва Украіне.

Амерыканскія чыноўнікі, якія ўдзельнічаюць у трохбаковых перамовах у Абу-Дабі, лічаць, што існуе рэальная магчымасць для асабістай сустрэчы паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, паведамляе Axios, не называючы крыніцы.

«Мы вельмі блізкія да сустрэчы паміж Пуціным і Зяленскім», — сказаў неназваны амерыканскі чыноўнік, каментуючы перамовы ў ААЭ ў суботу.

Ён таксама выказаў здагадку, што калі наступны раўнд трохбаковых перамоваў у Абу-Дабі будзе паспяховым, можа адкрыцца магчымасць сустрэч паміж бакамі ў Маскве ці Кіеве.

Axios/IAR/UNIAN/нг