У ноч на 13 лютага Расія нанесла масіраваны ўдар па поўдні Украіны, у тым ліку па Адэскай вобласці. Пад абстрэл трапілі партовая, энергетычная, прамысловая і жылая інфраструктура - паведамляе УНІАН.
Паводле звестак Адэскай абласной пракуратуры, загінуў 20-гадовы мужчына, яшчэ шэсць чалавек атрымалі раненні, трое з іх — у цяжкім стане. Узбуджаная крымінальная справа па факце ваенных злачынстваў, што пацягнулі гібель чалавека.
У порце пашкоджаныя склады ўгнаенняў, грузавыя вагоны і інфраструктура прадпрыемства, узніклі пажары. Фрагменты беспілотнікаў упалі на тэрыторыю аўтасалона і санаторыя, загарэліся аўтамабілі і гаражныя боксы. Агонь ахапіў каля дзвюх тысяч квадратных метраў. Таксама зафіксаваныя прамыя пападанні і падзенне аскепкаў у шматпавярховыя жылыя дамы — пашкоджаныя кватэры і канструкцыі будынкаў.
Паводле ўкраінскіх уладаў, удар быў нанесены беспілотнікамі і балістычнай ракетай «Іскандэр-М». Усяго за ноч, як паведамляюць Паветраныя сілы Украіны, Расія выкарыстала 154 ударныя дроны розных тыпаў. Сілы СПА збілі або абясшкодзілі 111 з іх, аднак зафіксаваныя пападанні ў 18 месцах.
У выніку атакі ў Адэсе і вобласці ўзніклі перабоі з электра-, цепла- і водазабеспячэннем. На месцах працуюць ратавальнікі і аварыйныя службы, ліквідацыя наступстваў працягваецца.
нг