Беларуская Служба

Справаздача: Кампаненты з ЕС падсілкоўваюць расійскую ваенную прамысловасць

18.02.2026 11:01
Ганконг выкарыстоўваецца для перавозкі падсанкцыйных кампанентаў, якія сустракаюцца ў расійскай зброі на фронце ва Украіне.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Nico Franz/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нягледзячы на санкцыі, якія ЕС наклаў на гандаль з Расіяй, кампаненты з Еўрасаюза надалей падсілкоўваюць расійскую ваенную машыну – гэта высновы дакладу, апублікаванага сёння (18 лютага) Фондам Камітэта за свабоду ў Ганконгу (The Committee for Freedom in Hong Kong (CFHK) Foundation).

Паводле яго, Ганконг выкарыстоўваецца для перавозкі кампанентаў, вырабленых у ЕС, якія сустракаюцца ў расійскай зброі на фронце ва Украіне.

У былой брытанскай калоніі, якая цяпер цалкам кантралюецца Кітаем, існуе сетка падстаўных кампаній і фірмаў-пасярэднікаў. У Еўропе, у тым ліку, у Францыі, Германіі і нават Польшчы, гэтыя кампаніі закупляюць кампаненты, якія, паводле фонду, затым выкарыстоўваюцца супраць Украіны.

У дакладзе, між іншым, апісваецца прыклад зарэгістраванай у Ганконгу кампаніі Woeron Electronics. Яна адправіла з Ганконга расійскім імпарцёрам тысячы партый электронікі, вырабленай у Еўрапейскім Саюзе.

Паводле аўтараў дакладу, сярод іх былі кампаненты, прыдатныя для выкарыстання на полі бою. Пастаўкі ўключалі паўправаднікі, кампаненты для апрацоўкі энергіі, модулі спадарожнікавай навігацыі іг.д. Кампанія Woeron Electronics не падпадае пад санкцыі ЕС.

У справаздачы пералічаны таксама кампаніі з Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Швейцарыі і Францыі. Ганконгскія суб'екты гаспадарання закупляюць тавары ў гэтых кампаній. Таксама ў спісе ёсць пяць польскіх вытворцаў – гэта прадстаўнікі кампаній з сядзібамі ў Германіі, Швейцарыі і ЗША.

IAR/аз