Беларуская Служба

Венгрыя спыняе экспарт дызельнага паліва ва Украіну

18.02.2026 19:01
Паводле Будапешта, трубаправод «Дружба» ўжо адрамантаваны, і няма ніякіх прычын для перабояў з пастаўкамі нафты ў Венгрыю і Славакію.
Прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан PAP/EPA/ZOLTAN FISCHER / HUNGARIAN PM PRESS OFFICE HANDOUT

Урад Венгрыі прыпыняе экспарт дызельнага паліва ва Украіну. Гэтае рашэнне будзе дзейнічаць да аднаўлення транспарціроўкі расійскай сырой нафты па трубаправодзе «Дружба» ў Венгрыю.

Віктар Орбан і звязаныя з ім палітыкі сцвярджаюць, што адсутнасць паставак расійскай нафты з'яўляецца вынікам палітычнага рашэння ўладаў у Кіеве. Адсюль і рашэнне неадкладна прыпыніць пастаўкі гатовага дызельнага паліва ва Украіну.

«Яны кажуць, што калі мы не падтрымаем іх членства ў Еўрапейскім Саюзе і не будзем гатовыя даць ім венгерскія грошы, то яны заблакуюць нафтаправод «Дружба», які таксама пастаўляе паліва ў Венгрыю. Гэта відавочны шантаж», – кажа прэмʼер-міністр Орбан, апраўдваючы рашэнне свайго ўрада.

Нафта не паступала па трубаправодзе з 27 студзеня, калі ён быў пашкоджаны падчас расійскага авіяўдару. Паводле ўладаў Будапешта, ён ужо адрамантаваны, і няма ніякіх прычын для перабояў з пастаўкамі ў Венгрыю і Славакію. Праз некалькі дзён расійская нафта, ад якой залежаць абедзве краіны, будзе паступаць морам праз Адрыятычнае мора, а затым па трубаправодзе з Харватыі.

Пакуль што Венгрыя і Славакія актывавалі стратэгічныя рэзервы сваіх краін.

IAR/аз

Славакія абскардзіць у судзе еўрапейскую забарону на імпарт расійскага газу

27.01.2026 18:34
Расійскі газ цяпер складае каля 30% паставак гэтага энерганосьбіта ў Славакію.