Беларуская Служба

Завяршыліся мірныя кансультацыі ў Жэневе

27.02.2026 08:32
ЗША цвёрда даюць гарантыі бяспекі для Украіны
Мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай у Жэневе пры пасярэдніцтве ЗШАREUTERS

Жэнева зноў не стане месцам сустрэчы дэлегацый Украіны, Расіі і ЗША. Чацвёрты раўнд мірных перамоваў запланаваны на пачатак сакавіка ў Абу-Дабі.

Гэтую інфармацыю агучыў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля ўкраінска-амерыканскіх кансультацый. У сваю чаргу, прадстаўнік ЗША зрабіў важную заяву адносна гарантый бяспекі для Украіны.

У сваім звароце Уладзімір Зяленскі абвясціў, што фармат і дата наступнага раўнда мірных перамоваў папярэдне ўзгодненыя. «Наступныя перамовы адбудуцца ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, у Абу-Дабі. Мы спадзяемся, што яны адбудуцца ў пачатку сакавіка», – сказаў Зяленскі. «Таксама павінна адбыцца сустрэча на ўзроўні кіраўніцтва, бо такі фармат можа стаць вырашальным па многіх пытаннях. Вайна павінна скончыцца – гэта пазіцыя Украіны і ўсіх нашых партнёраў», – заявіў украінскі лідар. Уладзімір Зяленскі дадаў, што «на жаль, Расія не гатовая да міру. Няма таксама ніякіх прыкмет таго, што Пуцін хоча спыніць ваенную машыну».

Тым часам пасланнік Дональда Трампа Стыў Ўіткоф пасля перамоваў з украінскай дэлегацыяй заявіў, што сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна зʼяўляецца важным фактарам у набліжэнні міру. Ўіткоф падкрэсліў, што не падпіша мірнае пагадненне, пакуль самі ўкраінцы не будуць упэўненыя, што Расія больш не будзе на іх нападаць.

Украінскія СМІ цытуюць заяву Ўіткофа са спасылкай на New York Post. «Ніякага пагаднення не будзе, калі ўкраінцы не павераць, што могуць жыць у міры», – заявіў амерыканскі пасланнік. Ён дадаў, што для гэтага неабходныя дакладныя пратаколы бяспекі.

ПР/юл