Беларуская Служба

Украінцы збілі першыя «шахеды» на Блізкім Усходзе

22.03.2026 16:21
Кіеў таксама вядзе перамовы з Катарам аб магчымай перадачы 12 самалётаў Mirage 2000-5 у абмен на ўкраінскія супрацьдронавыя сістэмы.
Ілюстрацыя https://twitter.com/censor_net/status/1728259578926715100

Украінскія вайскоўцы на Блізкім Усходзе, паводле паведамлення BBC Ukraine, збілі першыя іранскія дроны тыпу Shahed, запушчаныя па краінах Персідскай затокі. Для гэтага выкарыстоўваліся ўкраінскія дроны-перахопнікі.

Кіеў раней накіраваў у рэгіён не толькі сістэмы барацьбы з беспілотнікамі, але і спецыялістаў для іх абслугоўвання. Паводле РБК-Украіна, гаворка ідзе пра 228 чалавек, якія працуюць у Катары, Саудаўскай Аравіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Кувейце і Іярданіі.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што менавіта Украіна мае ўнікальны досвед супрацьдзеяння масавым атакам дронаў. На гэтым фоне краіны Персідскай Затокі ўжо прапануюць украінскім вытворцам супрацоўніцтва і цікавяцца закупкай антыдронавых сістэм.

Паводле Intelligence Online, Кіеў таксама вядзе перамовы з Катарам аб магчымай перадачы 12 самалётаў Mirage 2000-5 у абмен на ўкраінскія супрацьдронавыя сістэмы.

pap/эж