Беларуская Служба

Украіна перажывае свой пяты Вялікдзень у цені вайны з Расіяй

04.04.2026 12:13
У гэтае свята мы павінны памятаць, хто зʼяўляецца ахвярай агрэсіі, і, нягледзячы на ​стомленасць, заставацца салідарнымі з краінай, якая пацярпела ад нападу, — заявіў Польскаму прэсаваму агенцтву (PAP) біскуп Кіева-Жытомірскі Віталь Крывіцкі.
Наступствы атакі расійскага беспілотніка ў ХаркавеREUTERS

— Вайна падобная да пажару — калі яе не спыніць, яна распаўсюджваецца далей, і яна не спыніцца без чалавечых намаганняў. Я бачу стомленасць ад вайны сярод нашых сяброў і разумею. Гэтая стомленасць можа паралізаваць — не толькі ў плане дзеянняў, але і ў ацэнцы сітуацыі. Таму мы просім заставацца салідарнымі, — заклікаў святар.

Іерарх прызнаў, што першы год вайны быў самым цяжкім для вернікаў і духавенства яго Царквы.

— Але наступныя гады навучылі нас жыць у новай рэальнасці. Сёння прыходы адзначаюць святы як звычайна, вядома, улічваючы ваенны перыяд, — падкрэсліў ён.

Біскуп адзначыў, што падчас вайны ў Рымска-каталіцкай царкве ва Украіне назіраецца павелічэнне колькасці хрышчэнняў і вянчанняў дарослых.

— У гэтым годзе можна адзначыць вялікую колькасць хрышчэнняў дарослых. Часта гэта вайскоўцы, якія хочуць упарадкаваць сваё жыццё – упершыню сустрэцца з Богам або пасля многіх гадоў пайсці да споведзі, — сказаў ён. — Мы таксама бачым, як пары, якія жылі без шлюбу, упарадкоўваюць сваё жыццё перад святамі. Людзі цягнуцца да Бога і шукаюць адказы на складаныя пытанні: чаму вайна, калі яна скончыцца, што нам рабіць сёння, — дадаў святар.

Ён заявіў, што Вялікдзень ва Украіне — гэта час, каб аднавіць нашу размову пра «перамогу Бога над смерцю і грахом» і радасць Уваскрасення.

У інтэрвʼю PAP біскуп Крывіцкі звярнуўся да палякаў, падзякаваўшы ім за падтрымку Украіны, якую яны праявілі на пачатку вайны і працягваюць праяўляць.

— Перш за ўсё, я хацеў бы падзякаваць польскаму касцёлу і народу за салідарнасць, якую мы адчуваем у гэты час вялікіх выпрабаванняў. Мы бачым, як хутка змяняецца сітуацыя ў свеце і ў палітыцы, таму мы яшчэ больш дзякуем усім, хто, нягледзячы на ​​стомленасць, памятае пра нас у малітве, — заявіў ён. —Таму я прашу, каб мы не змянялі нашага фундаментальнага пераканання: хто агрэсар, а хто ахвяра. Я таксама прашу, каб мы не дадавалі да гэтай вайны іншыя спрэчкі, у тым ліку гістарычныя. Я заклікаю вас будаваць добрыя адносіны паміж палякамі і ўкраінцамі. І яшчэ раз прашу вашых малітваў. Вайна працягваецца, і мы не ведаем, што будзе заўтра. Таму мы просім, каб мы заставаліся салідарнымі, — падкрэсліў біскуп Крывіцкі.

РАР/юл