Беларуская Служба

Старшыня Еўракамісіі: Час адмовіцца ад аднагалоснасці ў пытаннях знешняй палітыкі ЕС

14.04.2026 09:40
Будапешт блакаваў прыняцце новых санкцый супраць Расіі, а таксама рашэнні адносна фінансавай дапамогі Украіне
    ()
Будынак Рады Еўрапейскага Саюза (ілюстрацыя) Фота: Беларуская служба Польскага радыё, https://www.polskieradio.pl/396

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен выступіла за адмену прынцыпу аднагалоснасці ў пытаннях знешняй палітыкі ЕС. 

Паводле яе, апошнія дзеянні ўрада Венгрыі пад кіраўніцтвам Віктара Орбана паказалі недахопы цяперашняй сістэмы. У апошнія месяцы Будапешт блакаваў прыняцце новых санкцый супраць Расіі, а таксама рашэнні адносна фінансавай дапамогі Украіне, карыстаючыся правам вета, якое вынікае з прынцыпу аднагалоснасці.

— Пераход на галасаванне кваліфікаванай большасцю ў знешняй палітыцы — гэта важны спосаб пазбегнуць сістэмных блакаванняў, якія мы бачылі ў мінулым. Мы сапраўды павінны выкарыстаць гэты імпульс, каб прыняць рашэнне ў гэтай справе. Заклікаю краіны ЕС разгледзець магчымасць рэформы механізму прыняцця рашэнняў, — заявіла старшыня Еўракамісіі. 

Пры гэтым адзначаецца, што змяненне правіл галасавання не абавязкова патрабуе доўгай і складанай працэдуры перагляду дамоваў ЕС.  Аднак нават для яе актывацыі такіх юрыдычных механізмаў неабходная аднагалосная згода ўсіх дзяржаў-членаў ЕС, якой пакуль дасягнуць не ўдалося.

iar/эж