Беларуская Служба

Расійскія беспілотнікі Shahed становяцца ўсё больш дакладнымі ў сваіх ударах

22.04.2026 09:12
Украінцы не адстаюць. Яны таксама павялічваюць эфектыўнасць сваіх беспілотнікаў ды іх колькасць.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/RUSSIAN DEFENCE MINISTRY PRESS SERVICE Dostawca: PAP/EPA.

Расійцы ўсё часцей выкарыстоўваюць беспілотнікі далёкага радыусу дзеяння з кіраваннем у рэжыме рэальнага часу для атак далёка ўнутры Украіны, што дазваляе наносіць дакладныя ўдары. Украінцы таксама распрацоўваюць тэхналогіі ўдарных беспілотнікаў. Сярод іх цэляў — расійская паліўная прамысловасць.

Пасля таго, як амерыканская кампанія SpaceX спыніла доступ да спадарожнікаў Starlink для расійскіх ударных беспілотнікаў ва Украіне, расійцы пачалі выкарыстоўваць радыёкіраванне ў так званай сістэме сеткі Mesh. Як падкрэсліў палкоўнік Юрый Ігнат, прэс-сакратар Ваенна-паветраных сіл Украіны, дзякуючы такой сетцы, якая выкарыстоўвае рой беспілотнікаў, расійскі аператар з расійскай тэрыторыі можа кіраваць беспілотнікам у рэжыме рэальнага часу.

Гэта дазваляе дронам Shahed і Gerbera непасрэдна трапляць нават у рухомыя цэлі, такія як аўтамабілі або мабільныя агнявыя групы. Вайсковец дадаў, што таксама былі ўдары па цягніках.

Украінцы не адстаюць. Яны таксама павялічваюць эфектыўнасць сваіх беспілотнікаў ды іх колькасць. Некаторыя ацэнкі сведчаць аб тым, што іх колькасць параўнальная з расійскімі атакамі. Украінскія беспілотнікі часта нацэльваюцца на расійскую нафтавую прамысловасць. На гэтым тыдні яны пашкодзілі, сярод іншага, нафтавыя рэзервуары ў Самарскай вобласці, якія абслугоўваюць нафтаправод «Дружба».

ПР/юл