Вайсковы парад 9 траўня на Чырвонай плошчы ў Маскве расчараваў частку незалежных расійскіх каментатараў. На іх думку, сёлетняе відовішча аказалася значна слабейшым за папярэднія.
На фоне пагрозы ўкраінскіх атак Уладзімір Пуцін абвясціў часовую паўзу ў баявых дзеяннях, а ў Маскву сцягнулі дадатковыя сістэмы супрацьпаветранай абароны. На дахах дамоў дзяжурылі не толькі снайперы, але і групы з ручнымі ракетнымі ўстаноўкамі. Замест дэманстрацыі сучаснай цяжкай тэхнікі ля сцен Крамля паказалі відэаролік пра танкі, баявыя машыны і дроны.
Расійскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін у эфіры тэлеканала «Дождь» назваў парад «жаласным відовішчам». Незалежныя медыя таксама звярнулі ўвагу, што побач з Пуціным не было ўплывовых замежных лідараў. Побач з расійскім дыктарам сядзелі ўзурпатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнты Казахстана і Узбексітана — Касым Жамарт Такаеў і Шаўкат Мірзіяеў.
Адзіны еўрапейскі лідар, прэм'ер Славакіі Роберт Фіца, які знаходзіцца ў Маскве, на парад не прыйшоў.
iar/эж