Кіраўніца знешняй палітыкі ЕС не згодная з тым, каб Расія прызначала перамоўшчыка ад Еўропы, з якім будзе абмяркоўваць пытанні бяспекі. Такім чынам, Кая Калас адхіліла прапанову Уладзіміра Пуціна аб тым, каб ЕС на перамовах з Масквой прадстаўляў былы канцлер Германіі Герхард Шродэр.
— Па-першае, калі б мы далі Расіі права прызначаць перамоўшчыка ад нашага імя, гэта было б не вельмі разумна. Па-другое, Герхард Шродэр быў ключавым лабістам расійскіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Зразумела, чаму Пуцін хоча, каб ён быў гэтым чалавекам. Такім чынам, у яго было б месца па абодва бакі стала, — заявіла Калас.
Кіраўніца знешняй палітыкі ЕС таксама заявіла, што перад тым, як Еўропа пачне перамовы з Расіяй, яна павінна спачатку ўзгадніць пытанні, па якіх хоча весці перамовы. Гэта адна з тэм парадку дня сённяшняй сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС у Бруселі.
Нагадаем, неўзабаве пасля сыходу з пасады канцлера Германіі Герхард Шродэр пачаў займацца расійскім энергетычным сектарам і прыняў прапанову ад кампаніі, якая належыць «Газпраму».
IAR/аз