Расійскія прапагандысты і палітыкі доўгі час пасмейваліся з заходніх санкцый, што яны быццам бы зусім не працуюць, а наадварот, ідуць толькі на карысць расійскай эканоміцы. Аднак гэта не так, санкцыі працуюць. Але Расія вышуквае розныя спосабы, каб іх абыходзіць. Адным з такіх спосабаў стаў ценявы флот, які перавозіць расійскую нафту. Гэтая з'ява набыла ўжо вялікі маштаб і нясе канкрэтныя пагрозы.
Польскі інстытут міжнародных спраў (PISM) падрыхтаваў даклад, у якім эксперты ацанілі ўплыў міжнародных абмежаванняў на расійскі нафтавы сектар і выкарыстанне так званага ценявога флоту. Нягледзячы на тое, што Крэмль шукае новыя спосабы фінансавання сваёй ваеннай машыны, лічбы паказваюць, што ціск Захаду мае рэальны ўплыў. На працягу апошніх пяці гадоў доля даходаў ад продажу вуглевадародаў у дзяржаўным бюджэце Расіі знізілася з 40% да 25%, а рэальныя даходы з гэтай крыніцы ўпалі на 33%.
Расійскі бюджэт у нейкай ступені ратуе ценявы флот, які дазваляе перавозіць і прадаваць нафту па большай цане, чым устаноўлены санкцыямі ліміт. Паводле падлікаў аналітыкаў, флот складаецца з прыкладна 700 танкераў, якія плаваюць як пад расійскім сцягам, так і пад іншымі сцягамі – перш за ўсё Сьера-Леонэ, Камеруна і Панамы. Гэта як правіла вельмі старыя караблі, у сярэднім ім каля 22 гадоў, часта ў іх незразумелыя структуры ўласнасці, няма страхоўкі, судны мяняюць сцягі, уладальнікаў, адключаюць AIS-транспондэры і перагружаюць нафту на моры.
Тымон Пастуха.
Адзін з аўтараў дакладу Тымон Пастуха (Tymon Pastucha) адзначае, што продаж нафты, якую перавозяць танкеры ценявога флоту, дазваляе Расіі працягваць вайну супраць Украіны. Расія можа зарабляць да некалькіх сотняў мільёнаў долараў кожны дзень на продажы нафты і нафтапрадуктаў. Але караблі выконваюць таксама іншыя функцыі, якія ствараюць канкрэтныя пагрозы для жыхароў Еўропы.
— Мэта ценявога флоту — прыносіць даход расійскаму бюджэту з экспарту нафты. Гэта каля 25% паступленняў у бюджэт. Адтуль паступаюць сродкі на фінансаванне вайны ва Украіне. Ценявы флот таксама займаецца гібрыднымі аперацыямі. Гэта, напрыклад, пашкоджанне кабеляў на дне Балтыйскага мора - камунікацыйных і электрычных, пашкоджанне газаправодаў. Танкеры ствараюць таксама вельмі сур'ёзную экалагічную рызыку. Гэтыя караблі старыя, ім больш за 20 гадоў, у той час калі ў сярэднім танкер плавае максімум 20 гадоў. Пасля гэтага выдаткі на абслугоўванне становяцца вельмі высокімі. Старыя судны могуць ламацца, працякаць, а гэта можа прыводзіць да разліву або выкіду вялікай колькасці сырой нафты, мазуту або іншых нафтапрадуктаў у мора. Гэта можа непасрэдна паўплываць на колькасць рыбы ў Балтыйскім моры і чысціню пляжаў. Усім нам прыйдзецца панесці кошт ліквідацыі такіх экалагічных катастроф, еўрапейскім падаткаплатнікам давядзецца заплаціць значную суму грошай — гаворка ідзе пра сотні мільёнаў еўра — за ліквідацыю шкоды.
Эльжбета Каца.
Рэдактарка дакладу Эльжбета Каца (Elzbieta Kaca) дадае, што з 2022 года эксперты Польскага інстытута міжнародных спраў зафіксавалі як мінімум 25 сур'ёзных інцыдэнтаў з удзелам расійскага ценявога флоту. Пры гэтым, заходнія краіны ўсё часцей затрымліваюць танкеры, якія перавозяць расійскую нафту.
— На працягу як мінімум шасці месяцаў мы назіраем значную колькасць дзеянняў санкцыйнай кааліцыі, накіраваных супраць ценявога флоту. Расце колькасць затрыманняў суднаў расійскага ценявога флоту ў Балтыйскім і Паўночным морах. Гэта як правіла караблі, якія не маюць сцяга або ідуць пад фальшывым сцягам. На сённяшні дзень было каля дзясятка затрыманняў. Пашыраецца разуменне, што гэта сур'ёзная праблема, але гэта ўсё яшчэ не прэвентыўныя дзеянні, а адказ на крокі Расіі. Найлепш было б проста затрымліваць гэтыя караблі на дванаццаць тыдняў і накладаць на Расію штрафы ў памеры мільёнаў долараў. Гэта павялічыла б выдаткі Расіі. З іншага боку, вядома, што найбольш эфектыўны спосаб вываду танкераў з ладу — гэта ўдары Украіны па расійскіх караблях ценявога флоту, а таксама энергетычнай інфраструктуры, якія фізічна ліквідуюць гэтую пагрозу. Украінскія дзеянні апраўданыя вайной, яны з'яўляюцца элементам вайны. Аднак, што тычыцца міжнароднай кааліцыі, усе дзеянні павінны заставацца ў рамках міжнароднага права. І ў нас ёсць канкрэтныя выключэнні ў міжнародным праве, якія дазваляюць затрымліваць гэтыя судны.
Летась і сёлета адбылося некалькі гучных выпадкаў затрыманняў. У снежні мінулага года Фінляндыя затрымала танкер Eagle S, які цягнуў якар па дне, пашкодзіўшы такім чынам кабель у Балтыйскім моры. Карабель быў вызвалены па рашэнні суда, які не знайшоў доказаў злачынства. Год таму ВМС Эстоніі затрымалі танкер Kiwala у Балтыйскім моры. У 2026 годзе Францыя і Бельгія правялі серыю аперацый супраць такіх суднаў. Французскія ўлады затрымлівалі танкеры Boracay, Grinch, Deyna i Ethera.
Дэмакратыя не можа выкарыстоўваць эфектыўныя ўдары на мяжы права або па-за правам. Гэтым карыстаецца Расія. У дзяржаў заходняй дэмакратыі ёсць абмежаваныя інструменты, каб стрымаць нелегальныя дзеянні ценявога флоту, паколькі ўсё павінна адбывацца ў рамках законаў, - гаворыць Зузанна Новак (Zuzanna Nowak) з фонду «The Opportunity - Institute for Foreign Affairs», экспертка па энергетычных пытаннях.
— Расія выкарыстоўвае нашы прынцыпы ў сваіх інтарэсах. Расіяне знаходзяць юрыдычныя лазейкі, прабелы ў нашых законах, а мы стараемся адказваць на яе крокі. І мы адказваем. Хацелася б дзейнічаць хутчэй, рашуча, больш агрэсіўна. Але ў нас ёсць юрыдычныя абмежаванні, мы прадстаўляем дэмакратычныя дзяржавы. Акрамя таго, мы не знаходзімся ў стане вайны з Расіяй. Нафта патрэбная свету, з-за дзеянняў ЗША і Ізраіля супраць Ірана і праблем у Армузскім праліве нам пагражае энергетычны крызіс. Цэны растуць, таму Расіі выгадна працягваць эксплуатацыю ценявога флоту, нават калі яна траціць некаторыя судны. Гэта бізнес-інструмент для забеспячэння бесперабойных паставак у трэція краіны, якія не ўваходзяць у ЕС, дзе дзейнічаюць санкцыі. Гэта таксама інструмент для падрыву еўрапейскай згуртаванасці. Можа здавацца, што Расія знаходзіцца ў камфортнай сітуацыі, але давайце памятаць, што ў нас ёсць свае прынцыпы, мы стараемся іх прытрымлівацца, і гэта наша зброя.
Аўтары дакладу, прысвечанага расійскаму ценявому флоту, падрыхтавалі некалькі рэкамендацый уладам. Гэта перш за ўсё змена стратэгіі – адмовіцца ад ліміту цаны на расійскую нафту (цяпер гэта 44,1 долара за барэль), а ўвесці поўную забарону перавозкі марскім шляхам расійскай нафты. Таксама прапануецца абмежаваць рух ценявых танкераў у еўрапейскіх марах, аказваючы прэсінг на трэція краіны, якія купляюць, перагружаюць і перапрацоўваюць нафту. Рэкамендуецца праводзіць часты тэхнічны кантроль старых танкераў, якія могуць несці пагрозу навакольнаму асяроддзю, накладваючы высокія штрафы за парушэнне нормаў.
Наталля Грышкевіч