Адзін чалавек загінуў і як мінімум трое атрымалі раненні ў выніку расійскага нападу на цэнтр Кіева, паведамілі ўлады ў панядзелак. Расіяне атакавалі будынак Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, паведаміў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
— Расійская атака на будынак украінскай Акадэміі навук. Працягваюцца выратавальныя аперацыі — пажар тушаць, і вядзецца пошук людзей, якія маглі знаходзіцца ўнутры будынка. Задзейнічаны ўсе службы. На жаль, ёсць загінулыя, — напісаў Зяленскі ў сацыяльных сетках.
Мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко дадаў, што расіяне атакавалі будынак у гістарычным цэнтры Кіева з дапамогай беспілотніка.
Адразу пасля выбуху ў сацыяльных сетках былі апублікаваныя фатаграфіі, на якіх відаць, як людзі залазяць на вонкавыя падваконнікі будынка — хутчэй за ўсё, каб выратавацца ад агню. На тратуарах была бачная кроў.
Нацыянальная акадэмія навук знаходзіцца на вуліцы Уладзімірскай. Побач знаходзяцца Міністэрства адукацыі і навукі, сядзіба тэлефоннага аператара «Укртэлеком», Універсітэт імя Тараса Шаўчэнкі, у некалькіх сотнях метраў — польскае консульства.
Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што ў Кіеве былі атакаваныя фармацэўтычная кампанія і запраўкі, бізнес-цэнтр у Дняпры і іншыя грамадзянскія аб'екты, прадпрыемствы і тэлекамунікацыйныя абʼекты ў іншых гарадах і рэгіёнах.
ав