Расія штомесяц губляе ў вайне супраць Украіны каля 40 тысяч вайскоўцаў забітымі або цяжкапараненымі. Пра гэта генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ заявіў у Бруселі пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Літвы Міндаўгасам Сінкявічусам.
— Гэтыя лічбы велізарныя. Гэта, безумоўна, жахлівая навіна для сем’яў ахвяр. Але гэта таксама паказвае, што мы маем справу з прэзідэнтам, які гатовы ахвяраваць цяпер нават 1 мільёнам 200 тысячамі сваіх грамадзян у цалкам неабгрунтаванай агрэсіі супраць Украіны. Таму найлепшы адказ на ўсе дзеянні ў гэтай шэрай зоне, у якой дзейнічае Расія, — большая падтрымка Украіны, а не меншая, бо ўрэшце іх мэта — падзяліць нас, — заявіў Марк Рутэ.
Генсек НАТА таксама згадаў пра пралёты расійскіх дронаў над краінамі альянсу, дыверсіі і кібератакі. Паводле яго, блок мае «ўсе неабходныя сродкі рэагавання, прычым адказ не заўсёды будзе публічным або сіметрычным». У якасці прыкладу Рутэ прывёў пашкоджанне падводнага кабеля паміж Фінляндыяй і Эстоніяй у канцы 2025 года. Пасля гэтага НАТА запусціла аперацыю Baltic Sentry для абароны крытычнай падводнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры.
Палітык падкрэсліў, што найлепшым адказам на расійскія дыверсіі і іншыя варожыя дзеянні стане далейшае павелічэнне дапамогі Украіне.
— Маскве не ўдасца такімі дзеяннямі разбурыць адзінства краін альянсу, - перакананы Марк Рутэ.
iar/эж