Больш за 50 дзяржаў падпісалі дэкларацыю аб актывізацыі намаганняў па вяртанні ўкраінцаў, затрыманых і вывезеных Расіяй, у тым ліку прыблізна 20 тысяч дзяцей.
— Мы імкнемся знайсці ўкраінцаў, якіх забралі з іх дамоў. Мы імкнемся іх вярнуць, ведаючы, што гэта можа быць небяспечна, складана, цяжка, але, перш за ўсё, неабходна, — заявіла ў аўторак міністр замежных спраў Канады Аніта Ананд, цытуе The Canadian Press.
Украінцы, якім удалося вярнуцца да сваіх сем'яў, распавялі ў Таронта пра тое, як да іх ставілася Расія, у тым ліку заахвочвала іх ваяваць супраць сваіх суайчыннікаў. Інфармацыю, сярод іншага, прадставіла кааліцыя «Вярніце дзяцей», створаная па ініцыятыве прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. СМІ нагадалі, што Еўрапейскі Саюз увёў санкцыі супраць Паўночнай Карэі, дзе ў Сангдаўоне утрымліваюцца ўкраінскія дзеці.
— Гэта не проста сумныя наступствы вайны. Гэта дакументаваныя парушэнні міжнароднага права, — падкрэсліла Ананд.
Саміт быў арганізаваны сумесна Канадай, Украінай і Нарвегіяй. Больш за 50 краін, у тым ліку Польшча, падпісалі дэкларацыю пад назвай «Таронцкае абяцанне», у якой, сярод іншага, абавязаліся праводзіць шырокі збор інфармацыі, весці дыпламатычнае супрацоўніцтва і выкарыстоўваць «практычныя механізмы», каб дазволіць украінцам вярнуцца на радзіму.
У «Таронцкім абяцанні» таксама падкрэсліваюцца рэпрэсіі Расіі ў дачыненні да незаконна затрыманых украінскіх мірных жыхароў і ваеннапалонных.
РАР/юл