Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў дамоўленасць аб лакальным спыненні агню ў акупаваных Расіяй Алешках Херсонскай вобласці. Гэта павінна дазволіць даставіць гуманітарную дапамогу і эвакуіраваць мірных жыхароў.
— На часова акупаванай частцы нашай Херсонскай вобласці расіяне замініравалі дарогі, таму сітуацыя складаная, нават надзвычай складаная. Мы спадзяёмся, што нам удасца правесці гэтую гуманітарную аперацыю, разблакаваць Алешкі, забяспечыць праезд, каб даставіць прадукты, лекі і даць людзям магчымасць пакінуць зону баявых дзеянняў, — расказаў прэзідэнт Украіны.
Паводле Белага дома, дамоўленасці аб часовым спыненні агню дасягнулі пры пасярэдніцтве першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп. Украіна і Расія абвясцілі пра пачатак рэжыму цішыні 27 кастрычніка. Для эвакуацыі плануецца арганізаваць бяспечны гуманітарны калідор.
Цяпер у Алешках дапамогі чакаюць каля дзвюх тысяч чалавек. Пасля разбурэння Кахоўскай ГЭС у чэрвені 2023 года горад перажыў катастрафічную паводку. Сёння жыхары сутыкаюцца з недахопам вады, харчавання і лекаў, а эвакуацыі перашкаджаюць замініраваныя дарогі і расійскія беспілотнікі.
Да пачатку поўнамаштабнай вайны ў Алешках жылі каля 24 тысяч чалавек.
iar/эж