На бліжэйшую пятніцу, а 20-й гадзіне запланаваныя дэбаты з удзелам двух кандыдатаў у прэзідэнты – Рафала Тшаскоўскага і Караля Наўроцкага, якія балатуюцца ў другім туры галасавання. За арганізацыю дэбатаў адказваюць TVP, TVN24 і Polsat News. Сустрэча адбудзецца ў сядзібе TVP. Грамадскі вяшчальнік зробіць сігнал даступным для ўсіх зацікаўленых СМІ.
Ці дэбаты могуць аказаць рэальны ўплыў на вынік выбараў? Меркаванні каментатараў падзеленыя. Напэўна выбарчыя штабы зрабілі высновы з тых сустрэчаў, якія адбыліся перад першым турам выбараў і змянілі фармат пятнічнай «сутычкі» кандыдатаў. Узнікла таксама іншая цікавая прапанова абмену меркаваннямі з боку кандыдата, які ў другі тур выбараў не ўвайшоў.
Кандыдаты будуць задаваць адзін аднаму пытанні ў шасці тэматычных блоках: бяспека, эканоміка, сацыяльная палітыка, міжнародная палітыка, ахова здароўя і светапогляд. Падчас кожнага тэматычнага блока кандыдаты будуць задаваць адзін аднаму тры пытанні. На адказ суперніка прадугледжана 90 секундаў, плюс 30 секундаў на каментар для таго, хто задаў пытанне.
Дэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Патрык Яскульскі(Patryk Jaskulski) паясняе, што парадак і месца правядзення дэбатаў былі вызначаны шляхам лёсавання:
- Парадак пытанняў і месца правядзення дэбатаў вызначаліся шляхам лёсавання. Будзем спадзявацца, што ніхто не паставіць гэтага пад сумнеў, як гэта было ў мінулы раз. Дамова па гэтай справе абавязвае, яна мае пісьмовую форму з неабходнымі подпісамі прадстаўнікоў выбарчых штабоў кандыдатаў. Спадзяемся на добрую дыскусію.
Раней каманда Караля Наўроцкага настойвала на тое, каб у арганізацыю дэбатаў былі ўключаныя таксама правыя тэлеканалы, у тым ліку Republika, wPolsce24 і каталіцкае тэлебачанне Trwam, аднак тэлеканалы TVP і TVN на гэта не пагадзіліся.
Такім чынам, як сказаў дэпутат ад правай партыі «Права і справядлівасць» Марцін Гарала(Marcin Horała), было прынята рашэнне аб адным мадэратары – дэбаты будзе весці журналіст Radio Plus і Super Express Яцэк Прусіноўскі:
- У сітуацыі, калі мы не пагаджаемся на тое, каб дэбаты арганізавалі і задавалі пытанні выключна журналісты, якія падтрымліваюць адзін бок, а другі бок не пагаджаецца на ўдзел у дэбатах прадстаўнікоў усіх СМІ – то гэта быў спосаб на выхад з тупіка.
Падчас дэбатаў пытанні ад журналістаў не прадугледжваюцца.
Раней Караль Наўроцкі раскрытыкаваў выключэнне правых тэлеканалаў з арганізацыі дэбатаў перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў. Кандыдат, якога падтрымлівае правая партыя «Права і справядлівасць» абвінаваціў кандыдата ад «Грамадзянскай кааліцыі» і прэм'ера Дональда Туска ў наўмысным абмежаванні голасу кансерватараў у публічных дэбатах.
У сваю чаргу, кіраўнік штаба Рафала Тшаскоўскага Віялета Папроцкая паведаміла, што штаб Караля Наўроцкага раней прыпыніў перамовы аб правілах дэбатаў, якія першапачаткова павінны былі адбыцца сёння, то бок у сераду 21 траўня.
«Усё было ўзгоднена, потым раптам тэлефонны званок ад каманду ПіС, і перамовы скончыліся. Вось як гэта выглядае», – напісала яна на партале X.
У сваю чаргу кандыдат ад ультраправай «Канфедэрацыі» Славамір Менцэн(Sławomir Mentzen), які ў першым туры выбараў заняў трэцяе месца па колькасці галасоў выбаршчыкаў (14,81 працэнта), прапануе, каб Караль Наўроцкі і Рафал Тшаскоўскі самі пераканалі ягоных выбаршчыкаў за каго галасаваць у другім туры выбараў:
- Вашая задача на бліжэйшыя два тыдні – пераканаць маіх выбаршчыкаў, што варта галасаваць за аднаго з вас. Калі вы хочаце паспрабаваць гэта зрабіць, то запрашаю вас на размову на маім YouTube-канале. Я ахвотна з вамі сустрэнуся, зразумела з кожным паасобку, і задам вам шмат пытанняў, каб мае прыхільнікі даведаліся пра вас больш.
«Гэта мая прапанова для вас – Караля Наўроцкага і Рафала Тшаскоўскага», – дадаў палітык.
Славамір Менцэн паведаміў, што падчас размовы мае намер папрасіць абодвух кандыдатаў падпісаць дэкларацыю з пытаннямі, важнымі для яго выбаршчыкаў. Палітык, у тым ліку, хоча, каб будучы прэзідэнт абавязаўся, напрыклад, што не павысіць падаткаў, не адправіць польскіх жаўнераў на тэрыторыю Украіны, не падпіша закона аб ратыфікацыі ўступлення Украіны ў НАТА і не пагадзіцца на ніякую перадачу кампетэнцый уладаў Польшчы органам ЕС.
Рафал Тшаскоўскі(Rafał Trzaskowski) адказаў, што згодны з некаторымі пастулатамі Славаміра Менцэна, але не гарантаваў, што дэкларацыю падпіша:
- Я разумею, што гэта справы – важныя, як для яго (Славаміра Менцэна –рэд.), так і ягоных выбаршчыкаў. З многімі з іх пагаджаюся, тут праблемаў не прадугледжваю. У нас засталося яшчэ 11 дзён, каб прадставіць сваю пазіцыю па ўсіх пытаннях. Нагадваю, найважнейшыя выбаршчыкі.
Сустрэча Рафала Тшаскоўскага са Славамірам Менцэнам адбудзецца ў суботу, 24 траўня, а 19:00.
Запрашэнне пагутарыць з палітыкам «Канфедэрацыі» прыняў таксама Караль Наўроцкі(Karol Nawrocki). Размова плануецца ў чацвер 22 траўня, а 13.00:
- Гэта сур’ёзны кандыдат і сур’ёзная прапанова. Кандыдат, які хоча размаўляць аб будучыні Польшчы да таго, як акажа афіцыйную падтрымку(…) Думаю, што гэта правільны кірунак і я павінен паразмаўляць са Славамірам Менцэнам пра афіцыйную падтрымку.
Для ўдзельнікаў другога тура прэзідэнцкіх выбараў кожны голас выбаршчыка вельмі важны, тым больш, што розніца галасоў у першым туры была невялікая: кандыдат ад «Грамадзянскай кааліцыі» набраў 31,36 працэнта галасоў, а незалежны кандыдат, якога падтрымлівае правая «Права і справядлівасць» Караль Наўроцкі – 29,54 працэнта.
Кандыдаты Шымон Галоўня ад «Польшчы 2050», які ў першым туры набраў 4,99 працэнта галасоў і Магдалена Беят ад «Новых левых сілаў» (4,23 працэнта галасоў) ужо заклікалі сваіх выбаршчыкаў падтрымаць Рафала Тшаскоўскага ў другім туры выбараў.
Ці дэбаты могуць аказаць рэальны ўплыў на вынік выбараў? Каментатары звяртаюць увагу на тое, што падчас іх важнай можа быць кандыцыя кандыдатаў. Хоць загадзя можна выказаць здагадку, што Славамір Менцэн адкрыта не падтрымае ніводнага з кандыдатаў, то гульня зводзіцца да таго, каторы з іх зробіць лепшае ўражанне, на выбаршчыках палітыка «Канфедэрацыі».
Тут вырашальным можа аказацца кожны голас, а шанцы, як ацэньваюць букмекеры – надалей амаль роўныя.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў адбудзецца 1 чэрвеня.
IAR/аз