Беларуская Служба

Як Беларуская служба Польскага радыё падтрымлівала незалежныя медыя Беларусі ў 1990-я

10.03.2026 18:00
«Неабходна было ўлічаць тую небяспеку, якую мы маглі стварыць калегам, падаючы крытычную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі».
Аўдыё
  • Гутарка з прафесарам Нінай Баршчэўскай пра супрацоўніцтва Беларускай службы Польскага радыё з беларускімі незалежнымі СМІ.
     (2018 ).   -  .
Журналісты Беларускай службы Польскага радыё (2018 год). Ніна Баршчэўская - з кветкамі. Фота: Польскае радыё

Нядаўна Канал замежнага вяшчання Польскага радыё адзначыў 90 гадоў свайго існавання. Гэта добрая нагода, каб прыгадаць таксама гісторыю Беларускай службы. Сёння мы хочам вярнуцца да падзей 90-ых гадоў, калі пасля выбараў прэзідэнта ў 1994 годзе паступова пачалося зварочванне дэмакратычных інстытутаў у Беларусі, у тым ліку была закрыта маладая беларускамоўная радыёстанцыя 101,2, з якой нашы журналісты наладзілі блізкае супрацоўніцтва.

Тады кіраўніцтва вырашыла запрасіць журналістаў ліквідаванай станцыі працаваць у Варшаве. Гэтыя старонкі гісторыі ў размове з Наталляй Грышкевіч прыгадвае шматгадовы кіраўнік Беларускай службы Польскага радыё Ніна Баршчэўская.

— У 96-ым мы правялі Польскі дзень на Радыё 101, 2, калі цэлы дзень інфармавалі пра падзеі ў Польшчы, запрашалі таксама высокіх прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, быў міністр замежных спраў Краўчанка. У нас былі яшчэ мары пра нармальныя адносіны, што польска-беларускія дачыненні будуць узмацняцца. Мы верылі, што мінуўшчына без кровапраліцця на нашым памежжы гэтаму паспрыяе.

На жаль, Радыё 101, 2 было ліквідаванае, але наша супрацоўніцтва не скончылася. Мы ў сваім эфіры далі поўгадзіны журналістам, каб яны маглі вяшчаць з Варшавы пра падзеі ў Беларусі. Мы таксама памянялі профіль нашага вяшчання, каб інфармаваць не толькі пра падзеі ў Польшчы, але таксама інфармаваць грамадзян Беларусі, што адбываецца ў іх дзяржаве. Слухачы былі нам удзячныя, што мы даем таксама тлумачэнне падзеяў.

— Было таксама супрацоўніцтва з іншымі радыёстанцыямі, напрыклад, Радыё «Сталіца» ці «Аўтарадыё». На жаль, паступова гэтыя незалежныя станцыі або закрывалі, або яны былі прымушаныя спыніць кантакты з замежнымі СМІ,

— На Радыё «Сталіца» мы рыхтавалі культурныя навіны — тое, што яны маглі даць у свой эфір. Калі мы рыхтавалі перадачы аб прысутнасці Польшчы ў Еўрапейскай супольнасці, мы маглі гэта трансляваць. Праўда, трэба было ўлічваць фармат ФМ-станцыі. Напрыклад, калі мы падрыхтавалі інтэрв’ю з тагачасным міністрам замежных спраў Польшчы Уладзімежам Цімашэвічам, гэтае інтэрв’ю прыйшлося даць у адрэзках. Такім чынам мы змаглі падаць людзям у Беларусі крытычную інфармацыю, паколькі тады ў Беларусі ўжо немагчыма было свабодна выказвацца пра двухбаковае супрацоўніцтва.

Наша дзейнасць была складаная, паколькі неабходна было ўлічаць тую небяспеку, якую мы маглі стварыць калегам, падаючы крытычную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле